У красавіку 2021-га адміністрацыя папраўчай калёніі № 17 прызнала лідэра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца «злосным парушальнікам рэжыму», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Тады Паўлу скарацілі дазволеную колькасьць званкоў дадому і грашовых пераводаў. А нядаўна Севярынец паведаміў родным, што яго пазбавілі і працяглага спатканьня. Мінулае працяглае спатканьне яго было ў палітзьняволенага ў сьнежні 2021 году.
- У траўні 2021 году сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу, актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу прысудзілі 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паўлу Юхневічу, Максіму Вінярскаму і блогеру YouTube-каналу «Шэры кот» Дзьмітрыю Казлову прысудзілі па 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Актывістку і рэдактарку тэлеграм-каналаў (сярод іх «Мая краіна Беларусь») Ірыну Шчасную пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Вядома толькі, што іх абвінавачвалі паводле некалькіх частак артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме. За кратамі Паўла Севярынца ўтрымліваюць больш за два гады.
Вячаславу Папову, асуджанаму на 3 гады «хіміі», узмацнілі рэжым
Па інфармацыі праваабаронцаў, 9 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні адбыўся разгляд справы аб узмацненьні рэжыму палітвязьню Вячаславу Папову. Судзьдзя Віталь Лабоцкі пастанавіў перавесьці Вячаслава з «хіміі» ў папраўчую калёнію. Лабоцкаму засталося адбыць у калёніі прыкладна 9 месяцаў. Пакуль невядома, куды накіруюць палітвязьня.
Жыхара Менску Вячаслава Папова затрымалі 10 сакавіка 2021 году ў сябе дома. Сілавікі ўзламалі дзьверы ў кватэры, паклалі мужчыну на падлогу і моцна пабілі. Пасьля чаго ў кватэры правялі ператрус, на які бацькоў Папова не пусьцілі.
Яго самога абвінавацілі паводле артыкулу 342 КК (Удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) за падзеі 9-10 жніўня ў Менску. 10 ліпеня 2021 Вячаславу прызначылі 3 гады «хіміі». Тэрмін Вячаслаў Папоў адбываў у горадзенскай ПУАТ № 24.