Галоўнае на гэты момант
- У Херсонскай вобласьці, паводле дадзеных украінскага Генштабу, расейцы замінавалі бераг ракі Інгулец.
- Ранкам 5 чэрвеня расейцы ракетамі абстралялі Кіеў, пацярпела адна жанчына.
- У Данецкай вобласьці згарэў Усіхсьвяцкі скіт ў Сьвятагорскай лаўры, найбуйнейшы драўляны храм Украіны. Бакі вінавацяць адзін аднаго.
- Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
- З пачатку вайны Ўкраіны пакінулі каля 14 мільёнаў жыхароў.
- Генштаб Украіны: ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 5 чэрвеня
Ранішні абстрэл Кіева
У выніку абстрэлу Кіева 5 чэрвеня адзін чалавек паранены. Пацярпелых не было. Пра гэта ў сваім Telegram-канале паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко.
Пасьля нападаў на інфраструктурныя аб’екты пацярпелая жанчына шпіталізаваная.
«Што тычыцца ранішніх выбухаў у Дарніцкім і Дняпроўскім раёнах сталіцы. На гэты момант пацярпелых ад ракетных удараў па інфраструктуры няма. Адзін пацярпелы шпіталізаваны. У пацярпелых раёнах службы па-ранейшаму працуюць», — гаворыцца ў паведамленьні Клічко.
Раней карыстальнікі сацыяльных сетак паведамлялі пра выбухі ў Кіеве. Пасьля выбухаў у горадзе бачны дым. Паведамляецца таксама аб маштабным пажары.
Украінскі Генштаб: расейцы замінавалі бераг Інгульца
Расейскія акупанты, выцесненыя ўкраінскімі ЎС з пазыцый у Херсонскай вобласьці, імкнуцца вярнуць страчанае ў апошнія дні, піша ўкраінскі Генштаб. Для гэтага захопнікі разгарнулі цяжкую артылерыю.
«На Паўднёвабускім напрамку, у чаканьні наступальных дзеяньняў нашых войскаў, у вызначаным раёне праціўнік правёў мінаваньне ўзьбярэжжа ракі Інгулец. Вораг разгарнуў на Мікалаеўскім напрамку да дзьвюх рэактыўных і дзьвюх батарэй ствальной артылерыі. Таксама намагаўся аднавіць свае страчаныя пазыцыі на напрамку Сухога Стаўка і Лазавога», — гаворыцца ў паведамленьні.
Ракета побач з Паўднёваўкраінскай АЭС
А 5:30 расейская крылатая ракета, падобная на ракету тыпу «Калібр», праляцела крытычна нізка над Паўднёваўкраінскай АЭС. У «Энэргаатаме» адзначылі, што Расея працягвае падвяргаць усё навакольле вялікай небясьпецы, бо нават аскепак ракеты, які можа трапіць у рэактар, справакуе ўцечку радыяцыі.
Падобна на тое, што якраз гэтая ракета прыляцела ў Кіеў, дзе раніцай прагрымелі выбухі і пацярпела адна жанчына. На месцы, куды трапіла ракета, узьнік вялікі пажар.
Украінскі бок не ўпершыню называе дзеяньні Расеі ядзерным тэрарызмам.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.
Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны
«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.
Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае
Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.
Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»
У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.
Беларускае войска ля мяжы з Украінай
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
Як рэагуе сьвет
Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну
Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.
У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны
Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, якая спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.
Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем
Міністэрства эканомікі Тайваня падрыхтавала сьпіс стратэгічных высокатэхналягічных тавараў, якія забаронены да экспарту ў Расею і Беларусь. Беларусь уключана ў сьпіс, бо яна можа дапамагчы Расеі імпартаваць такія тавары.
Урад Нямеччыны прыняў рашэньне аб пастаўцы ва Ўкраіну СПА IRIS-T SL
Пра гэта абвясьціў канцлер ФРГ Оляф Шольц. «Урад вырашыў паставіць сыстэмы IRIS-T — гэта самая сучасная сыстэма супрацьпаветранай абароны з тых, якія мае ФРГ», — сказаў Шольц. Пра тое, што Бэрлін разважае над такім рашэньнем, у сярэдзіне траўня пісалі Reuters і Bild. Па дадзеных Bild, гэтыя комплексы здольныя эфэктыўна паражаць паветраныя цэлі ў зоне радыюсам 40 км і вышынёй 20 км.