Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца суд над удавой Андрэя Зельцара ў справе забойства супрацоўніка КДБ


Марыя Ўсьпенская за сьпінай Андрэя Зельцара на відэа, якое запісвалася ў кватэры пры яе штурме супрацоўнікамі КДБ
Марыя Ўсьпенская за сьпінай Андрэя Зельцара на відэа, якое запісвалася ў кватэры пры яе штурме супрацоўнікамі КДБ

Марыі Ўсьпенскай не пагражае крымінальная адказнасьць, але яе могуць скіраваць на прымусовае лячэньне.

Разгляд справы супраць Марыі Ўсьпенскай пачынаецца ў аўторак, 31 траўня ў закрытым рэжыме, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Судовы працэс вядзе судзьдзя Валянціна Зянькевіч.

Марыю абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу. Яе будуць судзіць як «асобу, якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане несьвядомасьці або якая захварэла пасьля зьдзяйсьненьня злачынства на псыхічны разлад (захворваньне)» (п. 13 арт. 6 КПК).

Гэта значыць, што Марыі Ўсьпенскай не пагражае крымінальнае пакараньне, але да яе будуць прымяняць прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня.

Марыя Ўсьпенская — жыхарка Менску, удава Андрэя Зельцара, забітага 28 верасьня 2021 году ва ўласнай кватэры падчас перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ. Мае непаўналетняга сына ад першага шлюбу. На пачатку сьнежня 2021 году стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — туды яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу.

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG