Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал GlobalCheck, які займаецца вывучэньнем блякаваньняў у рунэце.
Па дадзеных GlobalCheck, у Заходнім Сібіры і Краснадары сэрвэры на l2TP і IPsec (пратаколы, якія выкарыстоўваюцца пры VPN-злучэньнях) 29 траўня аказаліся недаступныя. Таксама IPsec недасяжны ў Растове-на-Доне. У шэрагу рэгіёнаў краіны на некаторых апэратарах, уключаючы «Ростелеком», пры рабоце IPsec не праходзіць злучэньне паміж сэрвэрам і кліентам у Расеі.
«Гэта вялікі ўдар у тым ліку па карпаратыўных сетках — мноства адміністратараў такіх сетак цяпер тэрмінова шукаюць рашэньні для абыходу», — гаворыцца ў паведамленьні.
З пачаткам ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне расейскія ўлады заблякавалі сайты ўсіх незалежных СМІ, а таксама Facebook і Instagram, прызнаўшы кампанію Meta экстрэмісцкай. Больш за тысячу рэсурсаў трапілі пад блякаваньне ў сувязі з тым, што на іх была апублікаваная інфармацыя аб так званай «спэцыяльнай апэрацыі» Расеі на тэрыторыі Ўкраіны, падлічыў у красавіку праект «Роскомсвобода».
26 траўня стала вядома, што «Роскомнадзор» пачаў прыцягваць Генпракуратуру да пазаплянавых праверак рэгіянальных інтэрнэт-апэратараў на прадмет датрыманьня заканадаўства аб блякаваньнях.
«Роскомнадзор» пачаў масава блякаваць VPN-сэрвісы ў Расеі восеньню 2021 году. Сярод заблякаваных — Cloudflare WARP, Nord VPN, RedShield VPN, Opera VPN і яшчэ больш за дзясятак сэрвісаў.
VPN-сэрвісы AmneziaVPN, Proton і HighLoad VPN раней вырашылі даць бясплатны доступ да заблякаваных у Расеі выданьняў і некамэрцыйных арганізацый. Пра гэта паведамляе «Роскомсвобода».
У сьпіс мэдыяў, якія падтрымліваюцца сэрвісамі, уваходзяць заблякаваныя ў Расеі Facebook, Instagram, Twitter, «Медыязона», а таксама прызнаныя «замежнымі агентамі» ды іншыя расейскія і замежныя СМІ.
З 24 лютага 2022 году, калі расейскія ўлады пачалі ўзброенае ўварваньне ва Украіну, у Расеі былі заблякаваныя «Настоящее Время», Радыё Свабода, «Крым. Реалии», Голас Амэрыкі, New Times, «Тайга.инфо», «Медуза», расейская служба BBC, Deutsche Welle і іншыя.
26 сакавіка ў рэестр забароненых СМІ ўнесьлі таксама сайты службаў Радыё Свабода ў Казахстане, Таджыкістане і Туркмэністане. Блякаваньне ў Расеі зазналі таксама замежныя СМІ — сетка навінавых інтэрнэт-выданьняў у краінах Балтыі Delfi, беларускае незалежнае выданьне Zerkalo.io, а таксама радыёстанцыя Deutsche Welle і тэлеканал Euronews.