Першым пра ягоную сьмерць паведаміў супрацоўнік УДТРК Яўген Паддубны. Выданьне «Медиазона» пацьвердзіла гібель палкоўніка з дапамогай рэестру спадчынных спраў, мабільнай праграмы Getcontact і ўцечак з расейскіх базаў дадзеных.
Згодна з расейскім рэестрам спадчынных спраў, 41-гадовы Уладзімір Іваноў загінуў 25 сакавіка, сьмерць афіцыйна пацьвердзілі 30 сакавіка 2022 году. Натарыюс, які афармляў спадчынную справу, указаў адрас пражываньня загінулага — Масква, вул. Знаменка, 19. Гэта галоўны будынак Міністэрства абароны РФ, ён жа — воінская частка 66524.
Мінабароны РФ публічна не пацьвярджала гібель супрацоўніка прэс-службы.
Аб факце сьмерці палкоўніка Уладзіміра Іванова першым паведаміў ваенны карэспандэнт Усерасейскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі Яўген Паддубны, пры гэтым ён не прывёў ніякіх зьвестак аб месцы службы загінулага. Паддубны таксама выйшаў з партрэтам палкоўніка Іванова на акцыю «Несьмяротны полк» 9 траўня.
Пра супрацоўніка прэс-службы з такім імем пісаў украінскі праект «Міратворац», які зьбірае зьвесткі пра расейскіх вайскоўцаў, наймітаў і дзеячаў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР»:
«Расейскі ваенны злачынец. Прапагандыст. Саўдзельнік інфармацыйна-прапагандысцкіх кампаній і маніпуляцый МА РФ па апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны, масавых забойстваў мірных жыхароў Сырыі. Супрацоўнік Дэпартамэнту інфармацыі і масавых камунікацый Мінабароны Расеі. Непасрэдна датычны да вядзеньня Мінабароны РФ інфармацыйнай вайны супраць Украіны», — сьцьвярджаў «Міратворац».Паводле зьвестак праграмы Getcontact, тэлефон палкоўніка ў запісных кніжках карыстальнікаў быў запісаны, сярод іншага, як «Уладзімір Прэс-служба Мінабароны, Іваноў Уладзімір Прэс Служба УС РФ» і інш.
Мінабароны РФ апошні раз паведамляла пра страты расейскага боку ў вайне супраць Украіны 25 сакавіка — тады, па вэрсіі ведамства, быў пацьверджаны 1 351 загінулы, 3 82 параненых.
«Медиазона» разам з камандай валянтэраў і рэдакцыяй ВВС вядзе сьпіс пацьверджаных стратаў расейскай арміі на вайне ва Ўкраіне. Па дадзеных на 20 траўня ў канфлікце загінулі ня менш за 2622 расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку 60 афіцэраў у званьні ад падпалкоўніка і вышэй.