Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе ў «справе Аўтуховіча» працягваюць допыт абвінавачаных. Большасьць зь іх віны не прызналі

абноўлена

Суд у «справе Аўтуховіча». Горадня, 18 траўня 2022
Суд у «справе Аўтуховіча». Горадня, 18 траўня 2022

У Горадні ў памяшканьні турмы з 18 траўня праходзіць суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11 фігурантамі ягонай справы.

26 траўня ў судзе дапыталі пэнсіянэрку Галіну Дзербыш, якую абвінавачваюць паводле трох артыкулаў КК, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Вядома, што Дзербыш цалкам не прызнала сваёй віны. А сёньня, 27 траўня, пачаўся допыт актывісткі Вольгі Маёравай.

Вольга заявіла адвод дзяржабвінаваўцам:

«Выказваю недавер суду. Хачу, каб на вашым месцы сядзелі людзі, якія па-сапраўднаму прымаюць рашэньні. Найперш хачу заявіць пра адвод дзяржабвінаваўцам», — сказала Маёрава.

Згодна з абвінавачваньнем, палітзьняволеная па ўказаньні Аўтуховіча нібыта зьбірала і распаўсюджвала інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў, займалася адміністраваньнем тэлеграм-канала «ДаВолі», пісала, рэдагавала і разьмяшчала там тэкставыя заклікі пра захоп улады.

Фігурантам скончылі зачытваць абвінавачваньні 23 траўня.

Падзеі, у якіх вінавацяць фігурантаў, адбыліся ў кастрычніку 2020 году. Сярод іншага, на судзе прагучала інфармацыя, што Гундар разам з Аўтуховічам нібыта дапамагаў у аб’яднаньні іх групоўкі зь «міжнароднай злачыннай арганізацыяй». Нібыта абвінавачаныя па нелегальным калідоры езьдзілі ва Ўкраіну, дзе мясцовыя спэцслужбы прызначылі Аўтуховіча «кіраўніком іхнай ячэйкі на тэрыторыі Беларусі».

Таксама на працэсе ў «справе Аўтуховіча» зачыталі абвінавачваньне Паўлу Саве. Яму інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, зьдзейсьнены групай асобаў).

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, разам з Аўтуховічам фігуранты ягонай справы нібыта плянавалі зьдзяйсьненьне тэрактаў; здрадзілі дзяржаве, надаючы «дапамогу Ўкраіне ў правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Самога Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў КК Беларусі. 6 зь іх — асабліва цяжкія злачынствы, адзін прадугледжвае найвышэйшую меру пакараньня (расстрэл або пажыцьцёвае пазбаўленьне волі) — ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу. Справа налічвае 65 тамоў.

Падсудныя знаходзяцца ў некалькіх клетках, для дваіх зрабілі асобныя мэталічныя клеткі, у тым ліку для Мікалая Аўтуховіча і Любові Разановіч, якія, паводле сьледзтва, нібыта зьяўляюцца «асабліва небясьпечнымі».

Праваабаронцы паведамлялі раней, што Уладзімер Гундар, Мікалай Аўтуховіч, Вольга Маёрава і Галіна Дзербыш на судзе заявілі, што вінаватымі сябе не лічаць па ніводным артыкуле. Сяргей і Павал Разановічы, а таксама Віктар Сьнегур віну прызналі часткова. Ірына Гарачкіна і Антон Мельхер прызналі віну цалкам.

У судзе паказаньні падсуднага, сьвятара Сяргея Разановіча, якія ён даваў падчас сьледзтва. Вытрымкі з паказаньняў апублікавала «Гродзенская праўда»:

«...У адзін з дзён у лістападзе Аўтуховіч распавёў, што ў складзе нейкай групы плянуе захапіць адміністрацыйны будынак, каб пасьля зьмяніць дзяржаўны сьцяг на бела-чырвона-белы. Таксама ён паведамляў аб плянах і падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту па ліквідацыі прэзыдэнта Беларусі (дзяржаўная газэта называе так Лукашэнку — заўв.РС). Што з мэтай зьвяржэньня дзейнай улады неабходна зьдзейсьніць падрыў борта самалёта № 1 падчас узьлёту або пасадкі. Для гэтай мэты трэба выкарыстоўваць ракету, як я зразумеў, ручны гранатамёт. Ён растлумачыў, што для гэтага патрэбен спэцыяльна навучаны чалавек, які ўмее карыстацца падобнай зброяй. Таксама Аўтуховіч распавёў, што ракета каштуе дорага, але нейкі прадстаўнік з Амэрыкі паабяцаў фінансавую дапамогу...».

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG