Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швайцарыі будуць судзіць беларускага вайскоўца Гараўскага, які расказаў пра ўдзел у забойствах апазыцыйных палітыкаў


Юры Гараўскі
Юры Гараўскі

Празь некалькі месяцаў у Швайцарыі пачнецца судовы працэс па справе Юрыя Гараўскага — экс-байца Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі, які амаль тры гады таму прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданьні і забойстве ў 1999 годзе палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Як праходзіла расьсьледаваньне ў Швайцарыі і што магчымы абвінаваўчы прысуд будзе значыць для іншых асобаў, якія датычныя да забойства беларускіх апазыцыйных палітыкаў, паведамляе DW.

У чым абвінавачваюць Гараўскага

16 ліпеня мінулага году Юрыя Гараўскага, паводле яго слоў, выклікалі на першы допыт, які цягнуўся каля 12 гадзін. Потым, у верасьні, быў яшчэ адзін. Пасьля гэтага пракуратура Швайцарыі распачала крымінальную справу. Пацярпелымі па ёй праходзяць Алена Захаранка, дачка зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, і Валерыя Красоўская, дачка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які зьнік разам з апазыцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром.

На допытах, як вынікае з абвінаваўчага заключэньня, Гараўскі расказаў пра падзеі траўня і верасьня 1999 году, калі зьніклі спачатку Захаранка, а потым Красоўскі і разам зь ім экс-кіраўнік Цэнтравыбаркаму Беларусі Віктар Ганчар.

Пракуратура прад’явіла Юрыю Гараўскаму абвінавачаньне ў неаднаразовым выкраданьні людзей. Яна просіць даць былому байцу год пазбаўленьня волі і два гады — умоўна, але на працягу наступных чатырох гадоў ён не павінен парушаць закон. Калі суд прыйдзе да высновы, што абвінавачаны даў хлусьлівыя паказаньні, яму за гэта таксама пагражае пазбаўленьне волі на 9 месяцаў ці ўмоўны тэрмін. Працэс пройдзе ў адным з кантонаў Швайцарыі.

Гараўскі просіць зрабіць суд закрытым

Суд можа пачацца ўжо летам ці ўвосень, лічыць Юры Гараўскі. Такой жа думкі прытрымліваецца і ягоны адвакат. Гэта будзе першы працэс па справе асобы, якая, магчыма, датычная да зьнікненьня апазыцыйных беларускіх палітыкаў у 1999 годзе.

Дакладная дата судовага працэсу пакуль невядомая. Гараўскі настойвае, каб працэс быў закрыты. «Тут (у Швайцарыі. — РС) вельмі вялікая беларуская дыяспара. Я ня ведаю, чым яна дыхае, хто і куды зьлівае інфармацыю, за што яны жывуць. Няхай лепш будзе закрыты — менш людзей даведаецца (пра ягонае месцазнаходжаньне. — РС)», — растлумачыў у інтэрвію DW экс-САХРавец.

Праз засьцярогі наконт уласнай бясьпекі Гараўскі таксама падаў хадайніцтва, каб суд праходзіў не па ягоным месцы жыхарства, а ў іншым рэгіёне Швайцарыі: «На працягу чатырох гадоў я стараюся менш кантактаваць і заводзіць знаёмствы. Ня ведаю, што будзе заўтра ці празь месяц, таму зводжу зносіны да мінімуму. Не хачу нікому ствараць праблемы, не хачу, каб гэтыя праблемы знайшлі мяне. Тут, у Швайцарыі, у асабістым пляне ў мяне зьявілася больш свабоды, я маральна і псыхалягічна адпачываю».

Гараўскі расказаў, што знайшоў працу, «жыцьцё наладжваецца, усё ідзе добра». Па ягоных словах, адвакат будзе настойваць на ўмоўным тэрміне, аднак асабіста ён гатовы панесьці любое пакараньне, якое прызначыць швайцарскі суд. «Такія справы тэрміну даўнасьці ня маюць. Дай Бог, каб над іншымі ўдзельнікамі выкраданьня хутчэй адбыўся суд. Я буду сьведкам і змагу даць паказаньні, хто затрымліваў (апазыцыянэраў. — РС), дзе хто стаяў, хто закопваў», — заявіў Гараўскі.

Якія наступствы абвінаваўчага прысуду Гараўскаму?

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Як тлумачыць Алесь Міхалевіч, чэскі адвакат і спэцыяліст па крымінальным праве ў галіне міжнародна-прававога супрацоўніцтва, такія справы ня маюць прэюдыцыйнага характару. Гэта значыць, што калі суд прызнае Гараўскага вінаватым, а ўсе ягоныя паказаньні — праўдзівымі, то рашэньне па ягонай справе ня цягне за сабой аўтаматычнага прызнаньня віны іншых удзельнікаў падзеяў, пра якія ён расказвае.

«У прысудзе будзе ўказана, што толькі гэты канкрэтны чалавек — Юры Гараўскі — зьяўляецца вінаватым. Максымум — ягоныя паказаньні з працэсу над ім жа могуць быць выкарыстаныя ў адкрытым справядлівым судовым разглядзе па астатніх удзельніках справы», — удакладняе Міхалевіч.

Паводле яго слоў, у краінах Заходняй Эўропы нячаста праходзяць завочныя суды без прысутнасьці абвінавачаных, бо такі фармат парушае іх права на абарону. Выключэньні бываюць, але вельмі рэдка:

«Але калі паказаньні Гараўскага будуць прынятыя судом, яны могуць стаць падставай, каб распачаць іншыя крымінальныя справы ў дачыненьні да названых асобаў. Такім чынам, Швайцарыя можа даслаць прамы запыт у Беларусь аб аказаньні прававой дапамогі і экстрадыцыі дадзеных асобаў, альбо падаць запыт у Інтэрпол і запатрабаваць іх выдачы».

Будучы працэс Алесь Міхалевіч называе «гістарычным: «Доўгі час дыктатары хаваліся за тое, што злачынства было ўчыненае на іх тэрыторыі і толькі яны мелі права расьсьледаваць абставіны гэтай справы. Тэрытарыяльнасьць дазваляла схаваць мноства злачынстваў і не давесьці іх да суду. Я лічу, што злачынствы супраць чалавечнасьці і датычныя катаваньняў могуць быць расьсьледаваныя і ў іншых юрысдыкцыях. Гэта само па сабе правільна, і гэта гістарычныя рэчы», — упэўнены адвакат.

  • У 2019 годзе экс-баец САХР Юры Гараўскі зьвязаўся з DW і заявіў у інтэрвію, што датычны да зьнікненьня палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Гараўскага, 7 траўня 1999 году ён уваходзіў у склад групы, якая на загад заснавальніка САХР падпалкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасьня 1999-га — былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. З кастрычніка 2018 году Юры Гараўскі жыве ў Швайцарыі, там ён атрымаў прытулак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG