У судзе Савецкага раёну Гомля вынесьлі прысуд Івану Чарнаморчанку, паведамляе правааабарончы цэнтар «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Суд палічыў, што такімі дзеяньнямі стаў пост у адным з тэлеграм-каналаў у 2020 годзе з заклікам «Падпальваем „Табакеркі“!».
Абаронца падсуднага ў судзе настойвала на тым, што сувязі паміж паведамленьнем і пашкоджаньнямі кіёскаў адсутнічае, а лінгвістычная экспэртыза ўстанавіла, што ў паведамленьні «няма закліку да распальваньня сацыяльнай варожасьці».
Аднак судзьдзя Аляксандар Мохараў прысудзіў Чарнаморчанку год калёніі агульнага рэжыму.