Фота помніка апублікаваў у Facebook дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Вадзім Лакіза.
Помнік Яўстаху Тышкевічу стаў часткай кампазыцыі «Залатое кальцо беларускай навукі», якая, паводле задумы стваральнікаў, павінна сымбалізаваць увасабленьне пераемнасьці беларускай навукі і культуры.
Яна складаецца з ратонды і скульптур — Францыска Скарыны, Казіміра Семяновіча, Сімяона Полацкага, а цяпер і Яўстаха Тышкевіча — і знаходзіцца на праспэкце Незалежнасьці побач з галоўным будынкам Акадэміі навук і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай.
Яўстах Тышкевіч (18 красавіка 1814 — 8 верасьня 1873) — вядомы беларускі археоляг, гісторык, этнограф, краязнаўца, музэязнаўца. Яго лічаць адным з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі. Ганаровы чалец Пецярбурскай акадэміі навук, чалец Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасьцяў, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасьцяў, Лёнданскага археалягічнага інстытуту.