Палата прадстаўнікоў ЗША пераважнай большасьцю галасоў ухваліла пакет дапамогі Ўкраіне аб’ёмам больш за 40 мільярдаў даляраў у імкненьні Кангрэсу пазьбегнуць перапынку ў аказаньні дапамогі абароннага характару і падтрымаць урад у Кіеве, піша Reuters.
Законапраект ухвалены 368 галасамі «за» пры 57 «супраць» і накіраваны ў Сэнат.
У канцы красавіка Джо Байдэн папрасіў Кангрэс ухваліць дадатковую дапамогу Ўкраіне ў памеры 33 мільярдаў даляраў, але заканадаўцы вырашылі павялічыць аб’ёмы вайсковай і гуманітарнай дапамогі.
Прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі падзякавала заканадаўцам за эфэктыўную працу і адзначыла, што Белы дом «высока цэніць моцную двупартыйную падтрымку прапановы прэзыдэнта Байдэна прадаставіць неабходную падтрымку Ўкраіне ў галіне бясьпекі, эканомікі, а таксама ў гуманітарных і харчовых пытаньнях».
«Нароўні з дапамогай з боку нашых саюзьнікаў і партнэраў, наша падтрымка адыграла крытычна важную ролю ў перамозе ўкраінцаў у бітве за Кіеў і ў справе абароны іх свабод», — падкрэсьліла Псакі.
«Час мае першараднае значэньне, і мы ня можам чакаць, — заявіла сьпікер Нэнсі Пэлосі ў лісьце членам палаты. — Гэты пакет, які абапіраецца на магутную падтрымку, ужо аказаную Кангрэсам, будзе мець вырашальнае значэньне для аказаньня дапамогі Ўкраіне ў абароне ня толькі сваёй краіны, але і дэмакратыі ва ўсім сьвеце».
Пасьля адпраўкі ліста Пэлосі сустрэлася з прэзыдэнтам Джо Байдэнам у Белым доме, каб абмеркаваць яе нядаўні візыт ва Ўкраіну. Раней прэзыдэнт папрасіў Кангрэс апэратыўна накіраваць законапраект яму на подпіс. Многія заканадаўцы, як дэмакраты, так і рэспубліканцы, заявілі, што падтрымаюць аказаньне дапамогі. Дэмакраты маюць невялікую перавагу ў Кангрэсе, для ўхвалы Сэнатам патрабуюцца галасы рэспубліканцаў.
Амбасадар Украіны ў ЗША Аксана Маркарава ў аўторак сустрэлася з сэнатарамі ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый.
«Гэта было вельмі шчырае і зразумелае пасланьне: іх людзі паміраюць, у іх заканчваюцца запасы і боепрыпасы. Ім тэрмінова патрэбная наша дапамога. Дзякуй вам за любую нашу дапамогу. Калі ласка, паскорце яе», — заявіў сэнатар-дэмакрат Дык Дэрбін.
Пакет прадугледжвае выдзяленьне дапамогі ў сфэры бясьпекі на 6 мільярдаў даляраў, у тым ліку навучаньне, абсталяваньне, узбраеньне і падтрымку. Яшчэ 8,7 мільярда даляраў мяркуецца накіраваць на папаўненьне запасаў амэрыканскага абсталяваньня, адпраўленага Ўкраіне, і 3,9 мільярда на апэрацыі Эўрапейскага камандаваньня ЗША.
Акрамя гэтых выдаткаў законапраект прадугледжвае выдзяленьне дадатковых 11 мільярдаў даляраў, якія прэзыдэнт можа выкарыстаць для перадачы прадметаў і паслуг з амэрыканскіх запасаў без ухваленьня Кангрэсу ў адказ на надзвычайную сытуацыю. Байдэн запрошваў на гэтыя мэты 5 мільярдаў даляраў.
Дакумэнт таксама санкцыянуе выдзяленьне 4 мільярдаў даляраў у рамках замежнага вайсковага фінансаваньня для падтрымкі Ўкраіны і іншых краін, якія пацярпелі ад крызісу.
З пачатку расейскага ўварваньня ЗША ўжо паставілі Ўкраіне ўзбраеньне на мільярды даляраў, у тым ліку гаўбіцы, зэнітныя ўстаноўкі Stringer, супрацьтанкавыя ракеты Javelin, боепрыпасы і бесьпілётнікі Ghost.
Новы пакет таксама ўключае гуманітарную дапамогу — 5 мільярдаў даляраў для вырашэньня праблем з харчовай бясьпекай, якія ўзьніклі ў выніку крызісу ва Ўкраіне, і амаль 9 мільярдаў даляраў для аказаньня бюджэтнай падтрымкі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.