Галоўнае на гэты момант
- Імаверна, каля 60 чалавек загінулі пры авіяналёце на школу на Луганшчыне.
- Прызначаны кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці заявіў пра намер увайсьці ў склад Расеі.
- 7 траўня расейскія войскі нанесьлі ўдары па Адэскай, Данецкай, Сумскай, Харкаўскай абласьцях.
- Ва ўкраінскіх партах Чорнага і Азоўскага мора Расея заблякавала 70 гандлёвых суднаў.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 8 траўня
Прэм’ер-міністар Канады знаходзіцца ва Ўкраіне
Кіраўнік ураду Канады Джастын Трудо знаходзіцца зь візытам ва Ўкраіне. 8 траўня заплянаваная сустрэча Трудо з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Першая лэдзі ЗША наведала Ўкраіну
Першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн наведала Ўкраіну. Ва Ужгарадзе ў Закарпацкай вобласьці яна сустрэлася з жонкай прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага.
Аб візыце загадзя не паведамлялася.
«Я падумала, што гэта важна — прадэманстраваць украінскаму народу, што гэтая вайна павінна быць спынена, (што гэтая вайна) жахлівая і што Злучаныя Штаты стаяць плячом да пляча з народам Украіны», — цытуе першую лэдзі «Голас Амэрыкі».
У Марыюпалі можа быць да 25 тысяч ахвяр
Пераважна гэта цывільныя людзі. няспынныя атакі Расеі не пакінулі тысячм людзей шанцаў выжыць. Украінцы працягваюць абараняцца. Як сказаў на онлайн-прэс-канфэрэнцыі намесьнік камандзіра полку «Азоў» Сьвятаслаў Паламар, яго байцам удалося забіць 2,5 тысячы «жывой сілы» ворага і параніць яшчэ 500 праціўнікаў, зьнішчана больш за 60 танкаў, яшчэ 30 падбіта.
У Харкаўскай вобласьці затрымалі дэпутатку сельскай рады
Падазраваная, як пішуць у Харкаўскай абласной пракуратуры, актыўна супрацоўнічала з расейскімі захопнікамі.
«Выконваючы абавязкі дэпутата і сакратара Вільхоўскай сельскай рады Харкаўскага раёну, знаходзячыся каля сяла Кутузаўка, якое было акупаванае расейскімі вайскоўцамі, актыўна супрацоўнічала з агрэсарам. Выкарыстоўваючы сваё становішча, яна дала доступ расейскім вайскоўцам у жылыя памяшканьні будынка дзяржаўнага прадпрыемства, прадаставіла акупантам жыльлё, якое належыць мясцовым жыхарам», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле сьледзтва, дэпутатка перадавала расейскім вайскоўцам інфармацыю пра мясцовых жыхароў і жыльлё, якое потым выкарыстоўвалася для пражываньня акупантаў, а таксама перадавала насельніцтву ўказаньні ад акупантаў, у тым ліку аб абавязковым нашэньні белых павязак.
Пад працэсуальным кіраўніцтвам пракуратуры Харкаўскай вобласьці жанчыне выставілі падазрэньні ў «пасобніцтве дзяржаве-агрэсару» (ч.2 арт.111-2 КК Украіны).
Расейская авіяцыя разбамбіла школу ў Луганскай вобласьці
У Луганскай вобласьці расейскія вайскоўцы разбурылі будынак вясковай школы, дзе хаваліся ад абстрэлаў вяскоўцы. Паводле папярэдніх зьвестак, загінулі 60 чалавек. Пра гэта заявіў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Ён паведаміў, што ў выніку нападу расейскіх войскаў на пасёлак Белагораўка 7 траўня ў будынку школы і ў Доме культуры ўспыхнулі пажары на плошчы каля 300 квадратных мэтраў. Іх ліквідацыя доўжылася амаль чатыры гадзіны, пасьля чаго пачалі разбіраць завалы.
«З-пад завалаў эвакуаваныя 30 чалавек, 7 зь якіх атрымалі раненьні. Хутчэй за ўсё, усе 60 чалавек, якія засталіся пад заваламі будынкаў, загінулі», — сказаў Гайдай.
Раней ад абстрэлаў быў зьнішчаны склеп сельскага клюбу, пасьля чаго школа стала адзіным прытулкам у Белагораўцы.
Уцекачы ад вайны
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.
У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.
Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.
Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
У Белгародзкай вобласьці Расеі зноў выбухі
Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што ў вобласьці былі чуваць два моцныя «хлапкі». Пра гэта ён паведаміў у Telegram.
«Прачнуўся ад двух моцных разрываў. Па дадзеных апэратыўнага штабу, пашкоджаньняў і руйнаваньняў няма. Пацярпелых няма. У сацыяльных сетках ужо зьявіліся кадры ўспышкі ў небе. Самае галоўнае, што без ахвяр і разбурэньняў. Астатнюю інфармацыю ўдакладнім ранкам».
Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў
Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў і антысэмітызм, паведамляе канцылярыя Бэнэта. На сайце Крамля ў паведамленьні пра размову з Бэнэтам пра гэта не сказана.
1 траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў Зяленскага з Гітлерам, сказаў, што ў Гітлера была яўрэйская кроў, а самыя заўзятыя антысэміты — самі габрэі.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Кіеў: прыкмет новага наступу зь Беларусі няма
«На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеяньняў не рабіў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандаваньня на 6 гадзіну раніцы 3 траўня.
30 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што не выключаюць зьдзяйсьненьня Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Таксама было адзначана, што «захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны».
Як рэагуе сьвет
Міжнародны газавы саюз прыпыніў сяброўства Расеі
Міжнародны газавы саюз (IGU), членам якога з боку Расеі зьяўляецца карпарацыя «Газпром», часова, да далейшага апавяшчэньня, прыпыніў любы ўдзел кампаній з Расейскай Фэдэрацыі ў сваёй дзейнасьці. Як паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік аргкамітэту Міжнароднага газавага кангрэсу, які праводзіць саюз, «у сувязі з гэтым Карэйскі газавы саюз, які прымае Кангрэс у 2022 годзе, ня можа рэалізаваць далейшы ўдзел суб’ектаў РФ: ні для выступаў, ні для ўдзелу дэлегацый, ні для ўдзелу ў выставе ці спонсарстве».
Google выдаткуе 10 мільёнаў даляраў на барацьбу з фэйкамі пра вайну ва Ўкраіне
Кампанія Google вылучыла 10 мільёнаў даляраў для супрацьдзеяньня распаўсюджваньню ілжывай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, паведаміў кіраўнік падразьдзяленьня Google у рэгіёне Эўропа, Блізкі Ўсход і Афрыка на Канфэрэнцыі донараў для дапамогі Ўкраіне ў Варшаве, перадае «Укрінформ».
Паводле ягоных зьвестак, кампанія ўжо выдзеліла Ўкраіне дапамогу ў 55 мільёнаў даляраў. Зь іх 35 мільёнаў даляраў было накіравана на гуманітарныя патрэбы, яшчэ 10 мільёнаў даляраў атрымалі польскія арганізацыі, якія працуюць з часова перамешчанымі асобамі.
«Учора мы анансавалі 1,5 млн гранту для Міжнароднага камітэту ратаваньня, каб пашырыць доступ да важнай інфармацыі пацярпелым ад вайны», — паведаміў ён. Паводле яго, Google да ўжо аказанай дапамогі дадасьць яшчэ 10 мільёнаў даляраў на гуманітарныя патрэбы людзей ва Ўкраіне і яшчэ 10 мільёнаў — на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню непраўдзівай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне.
Нафтагазавая кампанія Shell прадае свой заправачны бізнэс у Расеі
Пагадненьне яшчэ не падпісанае, бакі ў працэсе перамоваў, удакладніў суразмоўца Forbes. Сярод патэнцыйных пакупнікоў — «Лукойл». Раней кампанія спыніла ўсе свае апэрацыі ў Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
Варшаўская канфэрэнцыя донараў сабрала для Ўкраіны каля $6,5 млрд
У чацьвер у Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя донараў па зборы сродкаў для Ўкраіны, на якой было сабрана каля 6,5 мільярда даляраў, паведаміў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Японія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Пад новыя санкцыі, уведзеныя 5 траўня, падпалі 140 фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з вайскова-прамысловым комплексам. Таксама ў сьпіс увайшлі некаторыя расейскія банкі.
Кампанія-распрацоўшчык папулярнага аддаленага працоўнага стала TeamViewer аб’явіла пра сыход з Расеі і Беларусі
Дамовы з кліентамі, якія ня трапілі пад санкцыі, будуць выкананыя ў поўным аб’ёме, але ня будуць падоўжаныя.
«Акрамя таго, TeamViewer заблякаваў усе неліцэнзійныя падключэньні ў Расеі і Беларусі і зь іх, каб пазьбегнуць далейшага выкарыстаньня нашага праграмнага забесьпячэньня», — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце кампаніі 5 траўня.
ЗША і Нямеччына заявілі, што ня будуць прызнаваць спробы РФ легітымізаваць захоп тэрыторый
Прэзыдэнт ЗША Байдэн увечары 5 траўня правёў тэлефонную размову з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам. Бакі паведамілі, што ні ЗША, ні Нямеччына «ня будуць прызнаваць ніякіх крокаў, якія супярэчаць тэрытарыяльнаму сувэрэнітэту і цэласнасьці Ўкраіны, і будуць лічыць іх нелегітымнымі».
Bloomberg: ЭЗ разглядае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай
Крыніцы Bloomberg сьцьвярджаюць, што Эўразьвяз прапрацоўвае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай. Паводле непацьверджаных дадзеных, у Пуціна і былой гімнасткі Кабаевай ёсьць агульныя дзеці.
У красавіку крыніцы газэты The Wall Street Journal казалі, што ЗША разглядалі ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай, але «ў апошнюю хвіліну» адмовіліся ад гэтай ідэі, каб не раззлаваць Пуціна.
Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас 4 траўня абвясьціла пра санкцыі супраць 63 фізычных асоб і кампаній, многія зь якіх закранаюць работнікаў асноўных расейскіх мэдыякампаній, замарожваюць актывы і забараняюць ім паездкі ў краіну.
У санкцыйны сьпіс трапілі шэраг супрацоўнікаў расейскага «Первого канала», сярод іх — ваенныя карэспандэнты Яўген Паддубны (ВГТРК), Аляксандар Коц («Комсомольская правда»), Дзьмітры Сьцешын («Комсомольская правда»). Сярод іншых «стратэгічных прапагандысцкіх арганізацый», якія трапілі пад санкцыі, названыя Ўсерасейскае дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне, найбуйнейшая дзяржаўная вяшчальная кампанія (ВГТРК), агенцтва «ИнфоРос», SouthFront, Фонд стратэгічнай культуры.
Таксама санкцыі закранулі вядоўцу праграмы «Однако» на «Первом канале», віцэ-прэзыдэнта «Раснафты» Міхаіла Лявонцьева, вядучай і аўтара праграм на ВГТРК Наілі Аскер-задэ, былога міністра фінансаў, старшыню праўленьня банку «Адкрыцьцё» Міхаіла Задорнава, дырэктара Цэнтральнага музэю ВАВ Аляксандра Школьніка. Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць вытворцы грузавых аўтамабіляў КАМАЗ.