Ангельскі футбольны клюб «Чэлсі» будзе прададзены за пяць мільярдаў даляраў кансорцыюму бізнэсоўцаў з удзелам амэрыканскага мільярдэра Тода Бэлі, саўладальніка бэйсбольнай каманды «Лос-Анджэлес Доджэрс». Пра гэта клюб паведаміў на сваім сайце.
Пагадненьне прадугледжвае мяркуе, што бізнэсоўцы заплацяць за клюб 4,25 мільярда фунтаў стэрлінгаў (каля 5,2 мільярда даляраў). Зь іх 2,5 мільярда фунтаў накіруюць на пакупку акцый «Чэлсі». Атрыманыя сродкі паступяць на замарожаны банкаўскі рахунак у Вялікай Брытаніі, потым, як абяцаў Раман Абрамовіч, іх накіруюць у дабрачынны фонд, які дапамагае пацярпелым падчас вайны ва Ўкраіне.
Яшчэ 1,75 мільярда фунтаў новыя ўладальнікі будуць павінны ўкласьці ў разьвіцьцё клюба, у тым ліку інвэстыцыі ў жаночую каманду, акадэмію «Чэлсі» і два стадыёны клюба ў Лёндане.
Акрамя Тода Бэлі, у кансорцыюм бізнэсоўцаў, якія пагадзіліся на ўгоду, увайшлі амэрыканскі бізнэсоўца Марк Уолтар, швэйцарскі мільярдэр Хансйорг Віс і інвэстыцыйная кампанія Clearlake Capital.
Пагадненьне плянуюць закрыць у канцы траўня. Папярэдне яго павінны ўхваліць ангельскія футбольныя ўлады і ўрад Вялікай Брытаніі.
Расейскі мільярдэр Раман Абрамовіч валодаў «Чэлсі» з 2003 году. Ён заявіў аб продажы клюба ў сакавіку, незадоўга да таго, як патрапіў пад санкцыі Вялікай Брытаніі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне. Абрамовіч рэгулярна займае высокія месцы ў рэйтынгу найбагацейшых людзей плянэты. Яго называлі алігархам, блізкім да Ўладзіміра Пуціна, хаця сам ён гэта адмаўляе і ў расейскім палітычным жыцьці ня ўдзельнічае.
Вялікая Брытанія з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны ўвяла маштабныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі і некалькіх расейскіх буйных бізнэсоўцаў, але непасрэдна супраць Абрамовіча санкцыі не ўводзіліся.