Супрацоўніцы «Яндекс. Маркет» Ганна і Алена расказалі выданьню Zerkalo.io пра масавыя звальненьні. Ганна і Алена сьцьвярджаюць, што разам зь імі працы пазбавіліся яшчэ 198 чалавек зь беларускага офіса.
Як піша Zerkalo.io са спасылкай на расповеды жанчын, крыху больш за два тыдні таму Ганна і Алена атрымалі на свае паштовыя скрыні аднолькавыя лісты. У іх гаварылася пра тое, што «„Яндекс Маркет“ праводзіць рэструктурызацыю працэсаў падтрымкі кліентаў» і паведамлялася, што з 25 красавіка іх звальняюць.
Алена працавала ў «Яндекс. Маркет» супрацоўнікам службы падтрымкі зь лістапада 2021 году. Кажа, што «ў добрыя дні гэта было каля 400 зваротаў кліентаў, у дрэнныя — менш за 100». Зарабляла яна 1700 рублёў, яе ўсё задавальняла. Потым Алену перавабілі працаваць з партнэрамі «Яндекса» — b2b.
«Да сакавіка гэтага году мы былі ўсе працаўладкаваныя праз расейскую кампанію «Анкор». Але не па працоўных дамовах, а па дамовах платнага наданьня паслуг, — кажа дзяўчына. — З 1 сакавіка недзе нас усіх перавялі на такія ж дамовы, толькі зь беларускай кампаніяй «Анкор БіУай».
Па словах Алены, ім абяцалі адкрыцьцё беларускага офіса. Пра гэта кажа і супрацоўніца службы падтрымкі кліентаў Ганна, якая ўладкавалася ў «Яндекс Маркет» у лістападзе. Яна кажа, што да лютага усе працавалі дыстанцыйна, грошы за працу прыходзілі спраўна.
«Але ў лютым некаторых людзей сталі выклікаць на сазвоны і звальняць. Аргумэнтавалі гэта тым, што людзі не прайшлі кантроль якасьці, — распавядае Ганна. — У нас на працы сапраўды ёсьць такая рэч, як кантроль якасьці, але аб праверцы ў той раз папярэдзілі за 4 дні. Нешта выправіць за гэты час ужо немагчыма. Тады звальнялі чалавек 20-30. Мы працягнулі працаваць далей, і неяк гэта ўсё забылася. Ну добра, бывае. Потым нам крыху зьмянілі тарыфікацыю, перавялі нас на беларускую фірму».
20 і 21 красавіка абедзьве дзяўчыны атрымалі на электронную пошту лісты ад «Анкор Біуай» аб тым, што «Яндекс» праводзіць «рэструктурызацыю працэсаў падтрымкі кліентаў». Далей адзначалася, што з 25 красавіка заключаная зь імі дамова перастае дзейнічаць. У якасьці дапамогі ім паабяцалі пералічыць «дадатковую выплату ў 1650 беларускіх рублёў (да выліку падаткаў)».
«Такія лісты прыйшлі ўсяму беларускаму падразьдзяленьню „Яндэкс Маркета“, — сьцьвярджае Ганна. — І тым, хто працаваў непасрэдна з кліентамі, і тым, хто з бізнэсам. Мы пайшлі да сваіх кіраўнікоў. Яны былі ў шоку, сказалі, што нічога ня ведаюць, маўляў, яны ня ў курсе і іх ніхто не папярэдзіў. За тыдзень нам толкам нічога не растлумачылі».
Алена кажа, што калі яны зьвярталіся ў «Яндэкс», іх перакідвалі на «Анкор Біуай», а калі ў «Анкор» — адпраўлялі ў «Яндэкс». Адзіная інфармацыя, якую ім удалося здабыць, гэта тое, што «Яндэкс» спыняе фінансаваньне новых праектаў, а значыць, і філіяла ў Беларусі. Кажа, што кіраўнік па Беларусі і ўвогуле праігнараваў іх паведамленьні: спачатку не чытаў, а потым і зусім пачысьціў перапіску.
Па словах дзяўчат, 25 красавіка ў супрацоўнікаў забралі ўсе ключы доступу.
«Звольнілі ўсё беларускае падразьдзяленьне, а гэта 200 чалавек», — кажа Ганна.
«У беларускім чаце «Яндэкс Маркета», які працаваў з кліентамі, перад звальненьнем было 80 чалавек, быў яшчэ чат b2b, там яшчэ прыкладна столькі ж. Увогуле каля 200 набярэцца, — разважае Алена.
У кампаніі «Анкор Біуай», якая, як аказалася, належыць «Юрыдычнай кампаніі «Бігл Лігал», камэнтаваць сытуацыю са звальненьнем такой вялікай колькасьці супрацоўнікаў выданьню Zerkalo.io адмовіліся.
«Ня будзе з вамі дырэктар гаварыць. Ніякіх камэнтароў ня будзе. Асабліва СМІ, забароненаму ў Беларусі», — сказала сакратар дырэктара кампаніі, якая і падпісвала дамовы з наёмнымі работнікамі.