Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі вырак гамяльчанцы, якая выкінула нованароджанага сына ў яму пад прыбіральняй


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гомельскі абласны суд пакараў 15 гадамі калёніі агульнага рэжыму жанчыну, якая летась у кастрычніку нарадзіла здаровага хлопчыка і выкінула яго ў яму пад прыбіральнай прыёмнага пункту другаснай сыравіны.

Пра вырак паведамляе газэта «Гомельская праўда».

Апошняе слова абвінавачанай было кароткім: «Мне няма чаго сказаць. Так, я вінаватая, але мне няма чаго сказаць».

За замах на забойства немаўляці з асаблівай жорсткасьцю суд прызначыў абвінавачанай 15 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму.

Прысуд законнай моцы не набыў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.

Летась 15 кастрычніка ў яме знадворнага туалета прыёмнага пункту другаснай сыравіны знайшлі нованароджанага хлопчыка. Дзіця даставілі ў рэанімацыю з прыкметамі агульнага пераахаладжэньня арганізма і прыкметамі гемарагічнага шоку з прычыны страты крыві праз крывацёк з пупавіны.

Выявілася, што яго нарадзіла і выкінула 26-гадовая жыхарка Гомля. Яе затрымалі ў той жа дзень, канцэнтрацыя этылявага сьпірту ў крыві жанчыны складала 1,91 праміле.

Па словах затрыманай, цяжарнасьць для яе была непажаданай. Захаваць дзіця яе пераканаў сужыцель, якога ў далейшым зьмясьцілі ў лячэбна-працоўны прафілякторый для лячэньня ад алькагалізму.

Раней абвінавачаная ўжо прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці за крадзяжы і ўхіленьне ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Некалькі гадоў таму яна ўжо нараджала, але напісала ў радзільні афіцыйную адмову ад дзіцяці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG