Падзеі 3 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Даты дня
3 траўня — Міжнародны Дзень свабоды прэсы і свабоды выказваньняў. Гэтае сьвята пачалі адзначаць у 1994 годзе паводле рашэньня Генэральнай асамблеі ААН.
3 траўня 1791 году сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў Канстытуцыю — першую ў Эўропе, другую ў сьвеце і апошнюю для супольнае дзяржавы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.
Таксама ў гэты дзень
1947 — была прынятая Канстытуцыя Японіі.
1952 — амэрыканскія лётчыкі Джозэф Флетчэр і Ўільям Бэнэдыкт зрабілі пасадку на геаграфічным Паўночным полюсе.
У гэты дзень нарадзіліся
1162 — Чынгісхан, мангольскі хан, вайскавод, заснавальнік Мангольскай дзяржавы, арганізатар заваявальных паходаў у Азію і Ўсходнюю Эўропу.
1469 — Нікало Мак’явэльлі, італьянскі палітычны й вайсковы тэарэтык, гісторык, пісьменьнік і дыплямат.
1620 — Багуслаў Радзівіл, вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат.
1877 — Антон Грыневіч, зьбіральнік беларускага музычнага фальклёру, выдавец. Загінуў у ГУЛАГу.
1907 — Натальля Вішнеўская, беларуская літаратарка.
1953 — Франц Сіўко, беларускі празаік, публіцыст. Ягоны артыкул у «ЛіМе» ў 1986 годзе «Прашу вызваліць...» пра вывучэньне беларускай мовы ў школах выклікаў дыскусію і зварот дзеячоў культуры да Генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.