Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Крэмль прымусіў Алега Цінькова прадаць сваю долю ў Tinkoff Bank пасьля крытыкі вайны ва Ўкраіне


Алег Цінькоў
Алег Цінькоў

Расейскі бізнэсовец Алег Цінькоў расказаў у інтэрвію газэце New York Times, што прадаў сваю долю ў Tinkoff Bank пад ціскам расейскіх уладаў.

Банкір сьцьвярджае, што на наступны дзень пасьля апублікаваньня паста ў Instagram 19 красавіка, у якім ён выступіў з жорсткай крытыкай ваенных дзеяньняў расейскіх уладаў ва Ўкраіне, адміністрацыя прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна зьвязалася з мэнэджарамі Tinkoff Bank і прыгразіла нацыяналізаваць яго, калі Цінькоў не разарве зь ім сувязі.

На мінулым тыдні 35% акцый TCS Group Holding — галоўной структуры расейскай групы «Тинькофф» — у сям’і Алега Цінькова купіла група «Интеррос» Уладзіміра Патаніна. Банк Расеі ўхваліў угоду, яе парамэтры не раскрываюцца.

Алег Цінькоў таксама не раскрыў суму ўгоды, але заявіў, што прадаў сваю долю «за капейкі». Ён назваў зьдзелку «адчайным распродажам, распродажам са зьніжкай», навязанай яму Крамлём.

«Я ня мог абмяркоўваць цану. Гэта стан закладніка — ты бярэш тое, што табе прапануюць, безь перамоваў», — заявіў Алег Цінькоў у размове з New York Times.

Бізнэсовец размаўляў з журналістамі New York Times па тэлефоне, ён не паведаміў, дзе знаходзіцца. Ён таксама сказаў, што наняў целаахоўнікаў, бо баіцца за сваё жыцьцё.

У Крамлі не адказалі на запыт New York Times аб камэнтары. Tinkoff Bank, які Цінькоў заснаваў у 2006 годзе, заявіў, што ніякіх пагроз кіраўніцтву банку не паступала.

У той жа дзень, калі Цінькоў апублікаваў свой пост, у банку заявілі, што «Алег Цінькоў ўжо шмат гадоў не зьяўляецца асобай, якая прымае рашэньні ў кампаніях групы «Тинькофф», і назвалі заяву бізнэсоўца з нагоды вайны ва Ўкраіне ягонай асабістай думкай.

А яшчэ празь некалькі дзён, перад продажам долі Алега Цінькова, у банку заявілі, што ў 2022 годзе правядуць рэбрэндынг і адмовяцца ад выкарыстаньня старой назвы.

У сакавіку Вялікая Брытанія ўвяла ў дачыненьні да Алега Цінькова і яшчэ каля 60 расейскіх фізычных асоб і кампаній пэрсанальныя санкцыі з прычыны ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG