Журналісты зьнялі дакумэнтальны фільм пра масавыя расстрэлы ў вёсках Стары і Новы Быкаў:
У першы дзень, калі расейскія войскі захапілі вёску Стары Быкаў, яны расстралялі шасьцярых цывільных мужчын, якіх проста схапілі на вуліцы. Пахаваць іх адразу вайскоўцы не дазвоіліл, толькі на дзявяты дзень мясцовым жыхарам удалося вывезьці расстраляных і пахаваць іх на мясцовых могілках. Пасьля эксгумацыі целаў забітых выявілася, што перад сьмерцю мужчын яшчэ і катавалі.
«Іх ня толькі расстралялі ў галаву, зь іх яшчэ і пазьдзекаваліся. Зяцю перарэзалі сонную артэрыю, а сыну сэрца пакалолі, рэбры пабламалі», — узгадвае мясцовая жыхарка Вікторыя.
Радыё Свабода атрымала фатаграфіі забітых мужчын. На іх целах відаць прыкметы гвалтоўнай сьмерці.
У падвале кацельні суседняй вёскі Новы Быкаў расейскія вайскоўцы зладзілі катавальню, дзе ўтрымлівалі ня менш за 40 чалавек. Журналісты адшукалі аднаго з палонных, які стаў сьведкам, як расейскі вайсковец-назіральнік выводзіў палонных па адных і расстрэльваў іх на сельскіх могілках.
«Аб галовы палонных білі шкляныя бутэлькі, стралялі побач з аўтаматаў, прыкладамі зьбівалі, а аднаму ў рот устаўлялі зброю і казалі, што зараз расстраляюць», — распавядае пра зьдзекі расейскіх вайскоўцаў адзін з палонных, 21-гадовы Максім Дзідык, якога трымалі ў палоне 12 дзён.
Паводле яго, у кацельні пераважна знаходзіліся мірныя жыхары, толькі аднойчы Максім бачыў сярод палонных трох вайскоўцаў.
На месцы, дзе, паводле сьведчаньня палонных і многіх мясцовых жыхароў, ляжалі забітыя, журналісты знайшлі тры гільзы, па маркіроўцы якіх можна ўстанавіць, што яны былі выраблены на Барнаульскім патронным заводзе (Алтайскі край, Расея) у 1994 годзе.
Дзякуючы крыніцам Радыё Свабода ва Ўзброеных сілах Украіны ўдалося ўстанавіць расейскія падразьдзяленьні, якія апошнімі выходзілі з Новага Быкава, калі адбыліся расстрэлы палонных:
- 30-я асобная мотастралковая брыгада РФ, якая дысьлякуецца ў пасёлку Рошчынскі, Самарскай вобласьці (гэта адно зь першых падразьдзяленьняў, якія распачалі шырокамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну 24 лютага).
- 24 асобная брыгада спэцпрызначэння Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Расеі, якая дысьлякуецца ў Новасібірску. Байцы гэтай вайсковай выведкі змагаліся ў Першай і Другой чачэнскіх войнах. Таксама ня менш за 300 байцоў новасыбірскага спэцназу ўдзельнічалі ў вайне ў Сырыі.
***
Стары і Новы Быкаў — суседнія вёскі, злучаныя мастом. Агулам там пражывае каля 2 тысяч чалавек. Стары і Новы Быкаў больш за месяц былі пад расейскай акупацыяй. Расейскія вайскоўцы занялі мясцовую школу, лякарню, дзіцячы сад, а ў бамбасховішчы мясцовага клюба зрабілі свой штаб. Пасьля баявых дзеяньняў у вёсцы разбураныя каля 100 дамоў, практычна зьнішчана ўся інфраструктура.