Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я пачаў адключацца». Зьняволены анархіст Яўген Рубашка расказаў пра катаваньні падчас затрыманьня


Яўген Рубашка
Яўген Рубашка

«Залілі ў горла моцны алкаголь і моцна білі».

Асуджаны на 5 гадоў калёніі палітзьняволены Яўген Рубашка ў лісьце з турмы паведаміў, што пры затрыманьні сілавікі білі яго рукамі ў пальчатках па корпусе, нагам і галаве. Пасьля ягонай адмовы сказаць пароль ад смартфона катаваньні ўзмацніліся.

«Стаў задыхацца»

«Я патроху пачаў адключацца. Яны гэта заўважылі, перавярнулі на сьпіну. Адзін адкрыў мне рот, уставіў нейкі прадмет накшталт алоўка і сьціснуў мне нос, а другі пачаў заліваць мне ў горла моцнаалкагольную вадкасьць, мяркую, гарэлку», — расказаў Яўген Рубашка, якога цытуе «Вясна»​.

Яўген Рубашка
Яўген Рубашка

Ён адзначыў, што ў пэўны момант ня мог больш стрымліваць паветра і стаў задыхацца, таму пачаў глытаць паветра разам з гарэлкай.

«Потым па неабачлівасьці аслабілі нос, і я ўмудраўся больш дыхаць ім. Зноў перавярнулі на жывот. Станавіліся нагой на сьпіну.

Затым адзін з быкоў сказаў, што „Зае...ся со мной возиться, как с Дедком“ (да палітзьняволенага анархіста Мікалая Дзядка пры затрыманьні таксама прымяняліся катаваньні). І пачаў наносіць мне моцныя хуткія ўдары ў вонкавы бок левага сьцягна, у адно і тое ж месца. Пасьля 10-15 удараў я сказаў, што паведамлю пароль».

Таксама Рубашка расказаў, што судмэдэкспэртыза была праведзеная амаль праз паўтара месяцы. Аднак нават тады былі зафіксаваныя «сьляды на запясьцях і шчыкалатках ад наручнікаў, гематомы ў вобласьці левага сьцягна, левага калена, галёнкаступнёвых суставаў, 5-6 рэбраў па левай ніжняй ключычнай лініі».

«Валадарцы“​ далёка да канцлягера на Акрэсьціна»

Апісваючы цяперашнія ўмовы ў СІЗА-1, Яўген адзначае, што «„Валадарцы“ далёка да канцлягера на Акрэсьціна». Ён шмат чытае і нават застаецца «з нацяжкай вэгетарыянцам».

Аднак анархіст кажа, што ў СІЗА існуюць пэўныя праблемы з мэдыцынскай дапамогай. Рубашка таксама згадаў, што палітзьняволенага Арцёма Салаўя прымусілі напісаць яўку з павіннай, пагражаючы сэксуальным гвалтам.

Яўгену Рубашку і яшчэ трох анархістаў, Аляксандру Бялову, Арцёму Салаўю і другому Арцёму Салаўю вынесьлі выракі 22 красавіка ў Менскім абласным судзе.

Судзьдзя Алена Місьнік прызнала іх вінаватымі паводле арт. 342 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі і агучыла наступныя выракі:

Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзьмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Пазоў «Менсктрансу» будзе вылучаны ў асобнае вядзеньне, паведамляе «Вясна».

У апошнім слове Яўген Рубашка сказаў:

«Хтосьці выбірае ўпісаць свае імёны ў гісторыю палітычных рэпрэсіяў. І калі камусьці датычнаму да іх будзе гікацца, то ведайце, што вашыя імёны ўспамінаюць палітвязьні, якія сядзяць, а зь імі іх родныя і блізкія, а зь імі — і ўся краіна.

І апошняе слова ня будзе сказанае да тых часоў, пакуль усе ня будуць вольныя!»

Суд над анархістамі быў закрыты, таму праваабаронцам пра разгляд справы амаль нічога невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG