Паводле SIPRI, агульны аб’ём сусьветных вайсковых выдаткаў у 2021 годзе дасягнуў рэкордных паказьнікаў. Упершыню ў гісторыі ён перавысіў 2 трыльёны даляраў ЗША і склаў 2 113 млрд даляраў.
У 2021 годзе краінамі з максымальнымі выдаткамі на ўзбраеньне сталі Злучаныя Штаты Амэрыкі, Кітай, Індыя, Вялікая Брытанія і Расея — на іх агульную долю прыпадае 62 працэнты глябальных выдаткаў.
У выніку рэзкага аднаўленьня эканомікі ў 2021 годзе глябальны вайсковы цяжар — сусьветныя вайсковыя выдаткі як доля сусьветнага валавога ўнутранага прадукту (ВУП) — зьнізілася на 0,1 % , з 2,3 % у 2020 годзе да 2,2 % у 2021 годзе.
Агулам SIPRI ацаніла выдаткі на абарону 40 краін, якія складаюць групу лідэраў. Беларусь са сваімі выдаткамі на абарону туды не ўваходзіць.
ЗША
Злучаныя Штаты застаюцца нязьменным лідэрам рэйтынгу краін з максымальнымі выдаткамі на абарону: у 2021 годзе расходы на ўзбраеньне ў гэтай краіне склалі 801 мільярд даляраў — гэта на 1,4 % менш, чым у 2020-м.
За мінулае дзесяцігодзьдзе ЗША сталі ўкладваць значна больш грошай на вайсковыя дасьледаваньні і распрацоўкі: за час з 2012 па 2021 год гэтыя выдаткі вырасьлі на 24 працэнты, пры гэтым фінансаваньне закупак узбраеньняў за той жа пэрыяд скарацілася на 6,4 працэнта.
Кітай
Вайсковыя выдаткі Кітаю растуць 27 гадоў запар. Гэтая краіна ў рэйтынгу SIPRI стабільна займае другое месца ў сьвеце. У 2021 годзе Пэкін выдаткаваў на ўзбраеньне і мадэрнізацыю сваёй арміі прыкладна 293 млрд даляраў — на 4, 7% больш, чым у 2020 годзе, і на 72% больш, чым дзесяць гадоў таму.
Пры гэтым, у адрозьненьне ад іншых сусьветных лідэраў рэйтынгу SIPRI, доля выдаткаў на абарону ў адносінах да аб’ёму кітайскага ВУП не павялічылася, а наадварот, зьнізілася на 0,1 % — да 1,7 % ВУП. Гэта тлумачыцца тым, што ВУП Кітаю ў 2020 годзе вырас на 8,4%, у той час як у большасьці краін з прычыны пандэміі ВУП зьнізіўся.
Індыя
Індыя ў сьпісе SIPRI займае трэцяе месца. У 2021 годзе вайсковыя выдаткі Дэлі павялічыліся на 0,9% і дасягнулі 76,6 млрд даляраў.
Вялікая Брытанія
Вайсковыя выдаткі Вялікай Брытаніі паставілі гэтую краіну на чацьвёртае месца ў рэйтынгу SIPRI. У 2021 годзе яны склалі 68,4 млрд даляраў. У параўнаньні зь мінулым годам яны павялічыліся на 3%, а ў параўнаньні з 2012 годам — на 3,7%. На абарону Вялікая Брытанія летась патраціла 2,2% ВУП, што дазволіла краіне выканаць свае абавязаньні адносна NATO.
Расея
Замыкае пяцёрку сусьветных лідэраў у расходах на абарону Расея. SIPRI робіць выснову, што гэтая краіна нарошчвала абаронны бюджэт перад уварваньнем ва Ўкраіну. У 2021 годзе Расея выдаткавала на абарону 65,9 млрд даляраў — на 2,9% больш, чым годам раней. Павелічэньне выдаткаў у 2021 годзе праходзіла на фоне нарошчваньня канцэнтрацыі расейскіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай.
«Рост вайсковага бюджэту ў 2021 годзе адбыўся не ў апошнюю чаргу дзякуючы высокім даходам ад продажу нафты і газу. З 2016-га па 2019 год расейскія вайсковыя выдаткі скараціліся ў выніку нізкіх цэн на энэрганосьбіты ў спалучэньні з санкцыямі, уведзенымі ў адказ на анэксію Крыму ў 2014 годзе», — сказала Люсі Бэру-Сюдро, дырэктар праграмы SIPRI па вайсковых выдатках і вытворчасьці ўзбраеньняў.
Украіна
Вайсковыя выдаткі Ўкраіны рэзка ўзрасьлі пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе. За час з 2014 па 2021 год украінскі абаронны бюджэт вырас на 72%, а з 2012 году — на 142%. Гэтая тэндэнцыя росту перапынілася ў 2021 годзе, калі вайсковыя выдаткі Ўкраіны скараціліся на 8,5% і склалі 5,9 мільярда даляраў (3,2% ад ВУП).
Іншыя прыкметныя парамэтры дакладу SIPRI:
- У 2021 годзе вайсковы бюджэт Ірану ўпершыню за чатыры гады павялічыўся да 24,6 млрд даляраў. Фінансаваньне Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі працягвала расьці ў 2021 годзе — на 14 працэнтаў у параўнаньні зь 2020 годам — і склала 34% ад агульных вайсковых выдаткаў Ірану.
- Восем эўрапейскіх чальцоў NATO ў 2021 годзе дасягнулі парамэтраў Паўночнаатлянтычнага зьвязу — траціць 2 або больш адсоткаў ВУП на свае ўзброеныя сілы. Гэта на адну краіну менш, чым у 2020 годзе.
- Нігерыя павялічыла свае вайсковыя выдаткі на 56% у 2021 годзе і дасягнула 4,5 мільярда даляраў. Рост адбыўся ў адказ на шматлікія выклікі бясьпецы, такія як гвалтоўны экстрэмізм і сэпаратысцкія паўстанцкія рухі.
- Нямеччына, якая займае трэцяе месца ў Цэнтральнай і Заходняй Эўропе ў абаронных расходах, у 2021 годзе выдаткавала на свае ўзброеныя сілы 56 млрд даляраў, або 1,3 % свайго ВУП. Вайсковыя выдаткі былі на 1,4 % ніжэйшыя ў параўнаньні з 2020 годам з прычыны інфляцыі.
- У 2021 годзе вайсковыя выдаткі Катару склалі 11,6 млрд даляраў, што робіць яго пятай краінай па гэтым паказьніку на Блізкім Усходзе. Выдаткі Катару ў 2021 годзе былі на 434 % вышэйшыя, чым у 2010 годзе, калі краіна апошні раз перад 2021 годам публікавала дадзеныя аб выдатках на абарону.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.