На гэты момант ва Ўкраіне знаходзяцца 76 расейскіх батальённых тактычных групаў (БТГ), 11 зь якіх разгорнутыя за апошнія некалькі дзён, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША. Паводле яго, акрамя гэтых групаў, на поўнач ад Украіны ёсьць яшчэ каля 22 БТГ, якія, праўдападобна, будуць папоўненыя і пераўзброеныя.
Ён дадаў, што каля дзясятка БТГ ва Ўкраіне ў гэты момант спрабуюць захапіць Марыюпаль. З словаў прадстаўніка Пэнтагону, у Марыюпалі і вакол яго знаходзіцца значная колькасьць сухаземных войскаў Расеі. Акрамя таго, горад абстрэльваюць расейская авіяцыя і артылерыя.
«Калі Марыюпаль пяройдзе пад кантроль Расеі, вызваляцца каля дзясятка БТГ для выкарыстаньня ў іншых месцах на ўсходзе або поўдні Ўкраіны. Але гэта сумнеўна, бо ўкраінцы па-ранейшаму вельмі і вельмі рашуча змагаюцца за Марыюпаль».
Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія войскі пачалі «бітву за Данбас, да якой доўга рыхтаваліся».
У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны мяркуюць, што расейскія войскі спрабуюць дамагчыся хоць нейкага тактычнага посьпеху перад Вялікаднем.
Паводле ўкраінскіх чыноўнікаў, расейскія войскі пачалі наземны штурм уздоўж амаль 300-мілёвага (каля 482 км) фронту на ўсходзе Ўкраіны пасьля таго, як учынілі адзін з самых інтэнсіўных ракетных абстрэлаў за апошнія тыдні, піша New York Times.
Прынамсі сем чалавек забітыя ў Львове, горадзе на захадзе краіны, які быў прытулкам для мірных жыхароў-уцекачоў усяго за 100 км ад Польшчы. Расею абвінавачваюць у тым, што яна нанесла 300 ракетных і артылерыйскіх удараў, пераважна па ўсходзе Ўкраіны, каб тэрарызаваць насельніцтва і запалохваць вайскоўцаў Украіны перад новым наземным наступам на Данбас.
У прыбярэжным горадзе Марыюпалі расейскія сілы, здавалася, захапілі ўвесь порт, дзе ўкраінскія байцы адхілілі патрабаваньні ворагаў скласьці зброю на велізарным сталеліцейным заводзе, які стаў свайго роду прамысловым Alamo (імаверна, маецца на ўвазе бітва за Алама падчас «Тэхаскай рэвалюцыі». Бітва працягвалася з кастрычніка 1835 па сакавік 1836 гг. — РС). Як адзначае NYT, горад служыць апошняй перашкодай імкненьню Расеі зрабіць «сухаземны мост» да Крыму.
Аналітыкі дапускаюць, што некаторыя абстрэлы маюць на мэце адрэзаць украінскія часткі ў Харкаве і іншых гарадах, каб не дапусьціць падмацаваньня на Данбасе, на які прыпадзе асноўны ўдар. Аднак пры стратах у жывой сіле і ўзбраеньні, а таксама яўных праблемах зь лягістыкай у Расеі застаецца больш рэзэрваў, чым ва Ўкраіны.
Расея ўжо сутыкаецца з наступствамі сваёй агрэсіі, але толькі ўзмацняе атакі на Ўкраіну. Міжнародныя санкцыі пачынаюць нішчыць эканоміку Расеі. Мэр Масквы папярэдзіў, што толькі ў сталіцы 200 тысяч чалавек рызыкуюць страціць працу, а кіраўнік Цэнтрабанку папярэдзіла, што наступствы ізаляцыі Расеі толькі пачынаюць адчувацца, гаворыцца ў публікацыі.
Аднак Майкл Кофман, дырэктар расейскіх дасьледаваньняў Інстытуту CNA ў Арлінгтане, ЗША, мае іншы погляд.
«Я думаю, што б ні здарылася на Данбасе, расейская армія ўжо вычарпаная».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.