Ціханоўская плянуе абмеркаваць ролю Беларусі ў аднаўленьні міру і бясьпекі ў рэгіёне, неабходнасьць вываду расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі, непрымальнасьць гандлю палітвязьнямі. Усе, хто знаходзіцца ў зьняволеньні па палітычных матывах, павінныя быць вызваленыя, рэпрэсіі спыненыя, нагадвае прэс-служба палітыка. Таксама будзе абмяркоўвацца дапамога беларускім уцекачам, мэдыям і праваабаронцам.
21 красавіка прэмʼер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ ўручыць Ціханоўскай мэдаль Чатырох Свабод імя Рузвэльта — адну з галоўных узнагарод Нідэрляндаў. Франклін Дэлано Рузвельт (які меў галяндзкае паходжаньне) абвясьціў ідэал Чатырох свабод для ўсяго сьвету ў сваім знакамітым Пасланьні нацыі 6 студзеня 1941 года, за 11 месяцаў да ўступленьня Амэрыкі ў Другую сусьветную вайну. Ён растлумачыў, чаму ЗША павінны дапамагаць ахвярам фашысцкай агрэсіі ў Старым Сьвеце. Сярод ляўрэатаў прэміі Чатырох Свабод — Вацлаў Гавэл, Кофі Анан, Біл і Гілары Клінтан і многія іншыя палітыкі.