Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча будзе ўводзіць санкцыі супраць замежнікаў, якія падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і рэпрэсіі ў Беларусі


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон «Аб спэцыяльных рашэньнях па супрацьдзеяньні падтрымкі агрэсіі ва Ўкраіне і гарантаваньню нацыянальнай бясьпекі», які прадугледжвае санкцыі супраць замежнікаў, што падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і рэпрэсіі ў Беларусі і Расеі.

Закон прыняты з мэтай эфэктыўнай рэалізацыі ў Польшчы санкцый Эўразьвязу, а таксама дае магчымасьць Польшчы фармаваць уласныя санкцыйныя сьпісы асобаў і арганізацый, чые сродкі і актывы могуць быць замарожаныя.

У сьпіс могуць уключыць «асобаў, якія прама або ўскосна падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны, распачатую 24 лютага 2022 году, або сур’ёзнае парушэньне правоў чалавека, або прыгнечаньне грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных пазыцый, або дзейнасьць якіх уяўляе сабой іншую сурʼёзную пагрозу дэмакратыі або вяршэнству закону ў РФ ці ў Беларусі».

Санкцыі таксама могуць распаўсюджвацца на фізычных і юрыдычных асобаў, непасрэдна зьвязаных з тымі, хто трапіў пад санкцыі, асабістымі, арганізацыйнымі, эканамічнымі або фінансавымі сувязямі. Пры рашэньні будуць улічвацца характар дзейнасьці гэтых асобаў, структура іх капіталу, таксама будуць брацца пад увагу меркаваньні нацыянальнай бясьпекі.

Патрапяць у сьпіс і тыя, хто не выконвае санкцыі або спрабуе іх абыходзіць, ім можа пагражаць штраф да 20 млн злотых (больш за 4,5 млн даляраў). Юрыдычныя асобы, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс, ня змогуць удзельнічаць у дзяржаўных закупках.

Органам, упаўнаважаным кантраляваць напаўненьне санкцыйнага сьпісу, будзе МУС Польшчы.

Таксама законам забараняецца ўвоз у Польшчу або транзыт па яе тэрыторыі вугалю і коксу расейскага ці беларускага паходжаньня. Парушальнікам таксама пагражае штраф да 20 млн. злотых. Закон ужо набыў сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG