Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацюшка са свастыкай» цяпер жыве ў Сергіевым Пасадзе, падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны


Суд над Канстанцінам Бурыкін ("Бацюшка са свастыкай"). Менск, 10 ліпеня 2017 году
Суд над Канстанцінам Бурыкін ("Бацюшка са свастыкай"). Менск, 10 ліпеня 2017 году

Імя праваслаўнага сьвятара Канстанціна Бурыкіна добра вядомае ў Беларусі. Доўгі час ён быў настаяцелем прыходу пасёлку Гатава пад Менскам, быў намесьнікам старшыні фэдэрацыі паўэрліфтынгу.

Сам Бурыкін родам з расейскага Омску, а ў Беларусь трапіў у першай палове 1990-х. У хуткім часе стаў духоўнікам беларускага аддзяленьня нэанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство» (РНЕ), з таго часу ў яго на целе засталася татуіроўка ў выглядзе свастыкі.

Духоўнай сэмінарыі Бурыкін так і ня скончыў, але атрымаў сан за абяцаньне збудаваць царкву ў Гатаве.

У лістападзе 2016 году Бурыкіна затрымалі беларускія сілавікі. Пры вобшуку ў доме знайшлі нелегальную зброю, за гэта і завялі крымінальную справу. Сам сьвятар на судзе тлумачыў, што пісталеты падарылі яму колішнія паплечнікі па РНЕ, а патроны знайшоў і прынёс у дом сын. У выніку Бурыкін быў асуджаны на тры гады зьняволеньня.

Пакуль сьвятар быў у няволі, на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу — за згвалтаваньне сваёй непаўналетняй дачкі ад першага шлюбу. Сама Аляксандра Бурыкіна ў інтэрвію СМІ расказвала шакуючыя падрабязнасьці гэтых выпадкаў.

Тым ня менш у лістападзе 2019 году Бурыкін выйшаў на волю. Амаль адразу яго дэпартавалі ў Расею як грамадзяніна гэтай краіны — хоць на той момант Сьледчы камітэт усё яшчэ праводзіў расьсьледаваньне новай крымінальнай справы супраць сьвятара.

Канстанцін Бурыкін, 2016 год
Канстанцін Бурыкін, 2016 год

Ад таго моманту ніякіх навін пра жыцьцё Канстанціна Бурыкіна не было.

Высьветлілася, што цяпер «бацюшка са свастыкай» жыве ў Сергіевым Пасадзе пад Масквой. У ліпені 2021 году ён зарэгістраваўся ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка.

На сайце profi.ru ад студзеня 2022 году ёсьць старонка Бурыкіна. Ён прапануе паслугі рамонту кватэр, мантажу электрыкі, сантэхнікі і сыстэм ацяпленьня. «Усе спэцыялісты з РФ і РБ», — гаворыцца на старонцы. Водгукаў аб працы Бурыкіна там пакуль няма.

На старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» Бурыкін паставіў сабе аватарку з выявай літары Z, якая стала сымбалем расейскага нападу на Ўкраіну. Таксама шмат піша аб падтрымцы расейскага войска ў гэтай вайне. Свабода прасіла яго аб інтэрвію, але адказу так і не атрымала.

Калі меркаваць па фатаздымках у сацыяльных сетках, то разам з Бурыкіным у Сергіевым Пасадзе жыве ягоная другая жонка, а таксама малодшыя дзеці. Старэйшая дачка Аляксандра выдаліла ўсе свае акаўнты ў сацыяльных сетках. Дзе яна цяпер, невядома. Раней яна казала, што баіцца бацькавай помсты.

Ці мае Бурыкін па-ранейшаму сьвятарскі сан, невядома

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG