Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне загінулі сама меней 55 дэсантнікаў элітнага палка Паветрана-дэсантных войскаў РФ


Разьбітая расейская тэхніка ва Ўкраіне
Разьбітая расейская тэхніка ва Ўкраіне

Гэта высьветліла выданьне «Важные истории», прааналізаваўшы жалобныя відэа, якія зьявіліся ў інтэрнэце і былі дасланыя падпісантамі.

Расейская служба Радыё Свабода раней публікавала відэа новай алеі могілак у горадзе Міхайлаўск Стаўрапольскага краю зь вялікай колькасьцю сьвежых магіл, вянкоў і сьцягоў ПДВ РФ.

У Міхайлаўску дысьлякуецца 247-ы гвардзейскі дэсантна-штурмавы Каўкаскі казацкі полк. 5 сакавіка ўлады рэгіёну пацьвердзілі гібель ва Ўкраіне камандзіра гэтага палка Канстанціна Зізеўскага, а 3 сакавіка Ўладзімір Пуцін пасьмяротна прысвоіў званьне героя Расеі афіцэру 247-га гвардзейскага дэсантна-штурмавага Каўкаскага казацкага палка Нурмагамеду Гаджымамёдаву.

«Важные истории» падлічылі, што на апублікаваных у інтэрнэце фатаздымках загінулых ня менш як 55 вайскоўцаў гэтага палка. Апроч камандзіра палка, сярод іх ёсьць некалькі камандзіраў рот. Выданьне называе імёны некалькіх загінулых афіцэраў. Пра ўсіх іх раней паведамлялі ўлады розных расейскіх рэгіёнаў.

Як адзначае выданьне, 247-ы полк неафіцыйна называюць «кузьняй камдываў (камандзіраў дывізіі)»: тыя, хто праходзілі службу ў палку, нярэдка станавіліся потым камандзірамі паветрана-дэсантных злучэньняў. У 2013 годзе Ўладзімір Пуцін прысвоіў палку ганаровае званьне «гвардзейскі».

Афіцыйна Мінабароны Расеі апошні раз называла лічбы стратаў расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне 25 сакавіка, тады гаварылася пра 1351 забітага. Украінскі бок, а таксама выведкі заходніх краінаў лічаць, што расейскія страты істотна вышэйшыя. Незалежнае пацьверджаньне ва ўмовах вайны атрымаць цяжка.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў напярэдадні ў інтэрвію Sky News назваў расейскія страты «істотнымі», сказаўшы, што гэта «вялікая трагедыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG