Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуска-амэрыканскі кампазытар арганізаваў міжнародную музычную акцыю за мір ва Ўкраіне


Яўген Магаліф падчас выступу ва Ўкраіне ў 2016 годзе
Яўген Магаліф падчас выступу ва Ўкраіне ў 2016 годзе

У вольным доступе зьявіўся відэазапіс 4-хвіліннай музычнай кампазыцыі на ўкраінскія песенныя матывы, выкананай 32 флейтыстамі з двух дзясяткаў краін сьвету. Твор напісаў і арганізаваў міжнародную акцыю ў падтрымку міру ва Ўкраіне беларуска-амэрыканскі кампазытар Яўген Магаліф.

Яўген Магаліф, які выехаў зь Беларусі ў ЗША ў 1990 годзе, расказаў Свабодзе пра тое, як нарадзілася і ажыцьцявілася ідэя запісу «Ўкраінскага папуры», якім і ён, і выканаўцы-флейтысты засьведчылі сваё стаўленьне да расейскай агрэсіі і выказаліся за ўсталяваньне міру ва Ўкраіне.

«„Украінскае папуры“ — мая апошняя праца, зьвязаная з Украінай, — расказвае Яўген Магаліф. — У ёй тры вялікія сэкцыі, усе яны злучаныя тэмай „Щедрика“: „Ніч яка місячна“, „Ой, дівчино, шумить гай“ і „Чорнії брови, карії очі“. На кожную з гэтых тэмаў я напісаў па варыяцыі. Ва „Ўкраінскім папуры“ тры партыі флейтаў, кожную зь якіх мы разьмеркавалі пароўну паміж удзельнікамі запісу».

Як выглядала «тэхналёгія» запісу гэтай кампазыцыі музыкамі, якія ніколі не сабраліся ў адным месцы?

«Я паслаў кожнаму флейтысту ноты і свой акампанэмэнт, — тлумачыць спадар Магаліф. — І сказаў, якую партыю яму граць. Там тры партыі флейты. Удзел бяруць прыблізна 30 чалавек з больш чым 20 краінаў сьвету. Яны дыстанцыйна запісалі кожны сваю партыю і прыслалі мне відэа з запісам. Гэткім чынам выпала 8–10 флейтаў на кожную партыю. Потым відэаінжынэр у Нямеччыне ўсе гэтыя відэа сабраў і змантажаваў у адно. Кожны з выканаўцаў атрымаў на агульным відэа свой „квадрацік“».

У міжнародным музычным сьвеце прозьвішча Яўгена Магаліфа як кампазытара музыкі для флейты добра вядомае. Таму ў яго не было праблемаў сабраць рэпрэзэнтатыўную кампанію флейтыстаў з Амэрыкі і Эўропы для запісу «Ўкраінскага папуры»:

«У праекце выступаюць вядомыя флейтысты. Напрыклад, джазавая флейтыстка з Алабамы Кім Скот (Kim Scott), якая ўжо колькі гадоў займае топавае месца ў чартах Billboard у сваім музычным жанры — smooth jazz. Або першая флейтыстка Каралеўскага філярманічнага аркестру ў Лёндане Эмэр Макдона (Emer McDonough). Выступаюць таксама флейтысты-прафэсары і іхныя студэнты, якія толькі пачынаюць музычную кар’еру, але ўжо сталі ляўрэатамі міжнародных конкурсаў. Ёсьць пяць флейтыстаў-украінцаў. Усе яны вельмі задаволеныя, што мы зрабілі такі праект. Бо ўсе яны лічаць, што мастацтва і музыка могуць дапамагчы ўсталяваньню міру. Я ў гэта таксама веру».

Сярод краін паходжаньня флейтыстаў, якія ўзялі ўдзел у запісе «Ўкраінскага папуры», ЗША, Ірляндыя, Беларусь, Украіна, Польшча, Нямеччына, Італія, Швайцарыя, Францыя, Бэльгія.

Ідэю дыстанцыйнага запісу запрапанаваў Яўгену Магаліфу прафэсар Ульрых Мюлер-Доплер (Ulrich Müller-Doppler) зь Нямеччыны, які, на жаль, перад самім запісам захварэў і апынуўся ў шпіталі, таму ня змог узяць удзелу ў праекце.

«Я маю адрасы і кантакты трох тысяч флейтыстаў па ўсім сьвеце, але на пачатку я запрасіў толькі 15. Наступных 15 прапанавалі мне ўзяць у праект людзі з пачатковай пятнаццаткі, і я ня мог адмовіцца, — кажа Яўген Магаліф. — Усе флейтысты захопленыя гэтым праектам. Асноўны флейтыст, прафэсар Ульрых Доплер, які прапанаваў мне гэтую ідэю, на жаль, цяпер у шпіталі з ковідам. Я да апошняга дня меў надзею, што ён паправіцца і зможа ўзяць удзел у запісе. Гэтая ідэя, дарэчы, дапамагла мне і маёй жонцы выйсьці з дэпрэсіі, у якой мы апынуліся пасьля 24 лютага, калі Расея напала на Ўкраіну. Я напісаў гэтую п’есу за два дні. Яна ўсім вельмі спадабалася. І ніхто: ні я, ні выканаўцы ніякіх грошай за не бяром. Запіс распаўсюджваецца бясплатна».

Яўген Магаліф быў у Беларусі кампазытарам папулярных песень, калі ў 1990 годзе зьехаў на сталае жыцьцё ў ЗША. У Беларусі ён, сярод іншага, пісаў песьні для Лявона Барткевіча зь «Песьняроў». У 1992 годзе разам з Данчыкам (Багданам Андрусышыным) ён запісаў вядомы ўсім беларускім мэляманам альбом «Мы яшчэ сустрэнемся». Пісаць у клясычным стылі ён пачаў ужо ў нашым стагодзьдзі.

У 2016 годзе ў міжнародным продажы зьявіўся дыск Яўгена Магаліфа зь ягонымі кампазыцыямі ў клясычным стылі пад назвай «Colibri». Дыск адразу заўважылі і высока ацанілі, і з таго часу імя Яўгена Магаліфа ў сьвеце музыкі для флейты стала добра вядомае. Дарэчы, запіс гэтага дыску быў таксама «міжнароднай акцыяй», зьвязанай з Украінай. Вось што кампазытар сказаў Свабодзе ў верасьні 2016 году:

«Мы шукалі аркестар у Бразыліі, у Літве, у Расеі, у Беларусі. І раптам мне кажуць, што ў Днепрапятроўску ва Ўкраіне ёсьць вельмі добры аркестар і дырыжор Натальля Панамарчук. І я прыгадаў, што гэтую жанчыну я сустрэў і гаварыў зь ёю некалькі гадоў таму. Яна з задавальненьнем згадзілася запісаць мой дыск. І яна, і дырэктар філярмоніі ў Днепрапятроўску пайшлі нам насустрач. Яны зрабілі нам усе ўмовы, каб быў добры запіс, і яны яшчэ прапанавалі мне зрабіць мой аўтарскі канцэрт у залі філярмоніі. Як у запісе, так і ў канцэрце выступалі артысты зь пяці розных краінаў».

Цяпер Яўген Магаліф дадае:

«Я нарадзіўся ў СССР, у Беларусі, але ўжо больш за трыццаць гадоў жыву ў ЗША. Ува мне цячэ чвэрць расейскай крыві і ні кроплі ўкраінскай. Але мае сувязі з Украінай заўсёды былі вельмі моцныя. У дзяцінстве і юнацтве я часта бываў у родных у Роўне, наведваў Трускавец, Львоў, Кіеў, Адэсу. Стаўшы кампазытарам, я завёў шмат прафэсійных сувязяў з выканаўцамі ва Ўкраіне. Мае творы выконваюць у многіх гарадах краіны: Кіеў, Запарожжа, Харкаў, Нікалаеў і інш. Два мае аўтарскія канцэрты прайшлі ў філярмоніі Днепрапятроўску (цяпер горад Дніпро) у 2016 і 2017 гг. Цікава, што першы канцэрт быў названы „Канцэртам за мір“ і ў ім удзельнічалі музыканты пяці краін. Яшчэ ў 1989-м украінскі дуэт з Крымскай філярмоніі „Ліза і Аляксандар“ выконвалі маю песьню на беларускай мове, а затым яны папрасілі ўкраінскага паэта перакласьці яе на ўкраінскую».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG