Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную «справу БелаПАН» накіравалі ў суд


Ірына Леўшына, Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна
Ірына Леўшына, Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна

Сталічная пракуратура накіравала ў Менскі гарадзкі суд крымінальную справу былых кіраўнікоў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай, мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягонай дзяўчыны, грамадзкай актывісткі Ірыны Злобінай.

Прэс-служба Генэральнай пракуратуры паведаміла, што абвінавачаньні выстаўленыя «ў залежнасьці ад ролі кожнага ў супрацьпраўных дзеяньнях у розным спалучэньні».

Так, Аляксандраву і Злобінай ставіцца ў віну «падрыхтоўка з 14 жніўня 2020 году па 12 студзеня 2021 году ня менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, шляхам аплаты адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за харчаваньне ў месцах утрыманьня і адбываньня адміністрацыйных арыштаў; рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйных і крымінальных працэсах, а таксама аказваюць іншую юрыдычную дапамогу». Гэтыя дзеяньні кваліфікаваны паводле ч. 2 арт. 342 КК.

Ім жа інкрымінуецца «аказаньне дапамогі замежнай арганізацыі ByHelp і яе прадстаўнікам у дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 356 КК).

Аляксандраву, Наважылаву і Леўшынай ставіцца ў віну «стварэньне зь ліку работнікаў ЗАТ „БелаПАН“ і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020–2021 гадах ажыцьцяўляла экстрэмісцкую дзейнасьць у выглядзе стварэньня і разьмяшчэньня на інтэрнэт-рэсурсах ЗАТ „БелаПАН“ матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама кіраваньня такім фармаваньнем» (ч. 1 арт. 3611).

Акрамя таго, Аляксандраву і Наважылаву інкрымінуецца «ўхіленьне ад выплаты ЗАТ „БелаПАН“ падаткаў пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня за 2015–2020 гады і падаходнага падатку зь фізычных асоб за люты 2015 году — красавік 2021 году шляхам утойваньня, наўмыснага заніжэньня падаткаў. У дэклярацыі (разьлікі) нібыта загадзя ўносіліся лжывыя зьвесткі, што пацягнула прычыненьне дзяржаве шкоды ў памеры каля 450 тысяч рублёў» (ч. 2 арт. 243 КК).

Інфармацыйная кампанія БелаПАН прызнана экстрэмісцкім фармаваньнем рашэньнем Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ад 1 лістапада. У адпаведным сьпісе, апублікаваным на сайце МУС, запіс аб гэтым зьявіўся толькі 12 лістапада.

Былы намесьнік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна знаходзяцца пад вартай з 12 студзеня 2021 году, былы дырэктар Дзьмітры Наважылаў і Ірына Леўшына, якая зьмяніла яго на гэтай пасадзе, — з 18 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG