На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі пасьля больш як месяца акупацыі 2 красавіка ўзьнялі сьцяг Украіны. Пра гэта ў Telegram-канале паведаміла гарадзкая рада Славуціча, адкуль на ЧАЭС прыбываюць зьменныя брыгады.
«Сёньня, 2 красавіка 2022, у 11:00 на прампляцоўцы Чарнобыльскай АЭС зноў лунаў сьцяг Украіны і гучаў гімн Украіны», – гаворыцца ў паведамленьні.
У цырымоніі ўзьняцьця сьцяга прыняў удзел апэратыўны пэрсанал станцыі, які на працягу акупацыі забясьпечваў і прадаўжае гарантаваць ядзерную і радыяцыйную бясьпеку аб'ектаў дзяржаўнага спэцыялізаванага прадпрыемства «Чарнобыльская атамная электрастанцыя».
Расейскія вайскоўцы, якія захапілі Чарнобыльскую АЭС і іншыя абʼекты ў зоне адчужэньня, 31 сакавіка пакінулі ЧАЭС і дзьвюма калёнамі адправіліся ў бок украінскай мяжы зь Беларусьсю.