«Роскомнадзор» накіраваў Алегу Куваеву, стваральніку знакамітага расейскага мультсэрыялу «Масяня», апавяшчэньне аб блякаваньні сайту, на якім з 2001 году публікаваліся ўсе эпізоды гэтай сэрыі. Пра гэта сам Куваеў паведаміў у фэйсбуку.
«Карацей, mult.ru цяпер у Расеі пад забаронай. Хоць я, дый гледачы, сайтам ужо вельмі рэдка карыстаемся, усё на ютубе ў асноўным, але на ўсялякі выпадак зрабіў люстэрка на multru.com, — напісаў Куваеў.
Сэрыял «Масяня» выходзіць з 2001 году. 22 сакавіка 2022 году Куваеў выпусьціў 160-ы эпізод «Масяні», прысьвечаны ўварваньню Расеі ва Ўкраіну. У канцы сэрыі Масяня прыходзіць у Крэмль да Ўладзіміра Пуціна, дорыць яму кароткі самурайскі меч, пасьля чаго разьвітваецца зь ім назаўжды.
«Масяня» — расейскі камэдыйна-сатырычны сэрыял флэш-мультфільмаў, які з 2001 году стварае мастак Алег Куваеў зь вясёлымі пэрсанажамі студэнцкага ўзросту, больш вядомых пад мянушкамі — Масяня, Грундзель і Лахматы. Пазьней героі падрасьлі. Усіх галоўных герояў агучваў Алег Куваеў.
Амаль усе дзеяньні мультсэрыялу адбываюцца ў сучасным Санкт-Пецярбургу, некалькі сэрыяў — у Маскве.