Сёньня 395 дзень расейскага нападу на Ўкраіну. Тут падсумаваньне падзеяў за 25 сакавіка:
Дата дня
25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла пра стварэньне свабоднай і незалежнай БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.
Ад 1989 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі ладзяцца сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Таксама ў гэты дзень
1949 — некалькі тысяч жыхароў Літвы дэпартавалі ў Сібір.
1969 — створаны вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Лявоны» пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна.
1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Турэччынай.
1995 — Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
2006 — «Паход Казуліна на Акрэсьціна»: пасьля мітынгу да Дня Волі ў Купалаўскім сквэры былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін заклікаў прысутных пайсьці да турмы на Акрэсьціна, дзе адбывалі пакараньне дзясяткі палітвязьняў, затрыманых пасьля выбараў і разгону намётавага мястэчка. Калёну зь некалькіх тысяч чалавек на праспэкце Дзяржынскага сустрэлі спэцаддзелы міліцыі, жорстка пабілі і разагналі. Казуліна затрымалі і асудзілі на пяць з паловай гадоў за «злоснае хуліганства і масавыя беспарадкі».
У гэты дзень нарадзіліся
1347 — Кацярына Сіенская, каталіцкая сьвятая, італьянская рэлігійная дзяячка і пісьменьніца позьняга Сярэднявечча, якая пакінула мноства лістоў і містычны твор «Дыялёгі аб Провідзе Божым».
1905 — Браніслаў Ржэўскі, літаратуразнаўца, пэдагог, удзельнік антысавецкіх пратэстаў 1950-х, палітычны вязень.
1935 — Уладзімер Папковіч, беларускі пісьменьнік і перакладчык.
У гэты дзень памерлі
1918 — Клёд Дэбюсі, францускі кампазытар.
2019 — Яўгенія Чаплінская (ад нараджэньня Белановіч), пэдагог, культурная дзяячка.