Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 100 экспэртаў па Ўсходняй Эўропе заклікалі ўзмацніць жорсткасьць курсу адносна Расеі


Рэшткі расейскага баявога самалёта, зьбітага над Чарнігавым, 5 сакавіка 2022 году
Рэшткі расейскага баявога самалёта, зьбітага над Чарнігавым, 5 сакавіка 2022 году

Экспэрты па Ўсходняй Эўропе абвінавацілі Нямеччыну ў «блізарукім эгаізьме» у адносінах з РФ. Яны лічаць, што спроба стрымаць Расію з дапамогай дыпляматыі і дамоваў пацярпела крах, і патрабуюць больш жорсткіх санкцый.

Пра гэта піша DW.

Каля ста экспэртаў па Ўсходняй Эўропе раскрытыкавалі палітыку Нямеччыны і ЭЗ у дачыненьні да Расеі і заклікалі рэзка ўзмацніць жорсткасьць санкцыі супраць Масквы.

«Адкрытая супрацьпраўная наступальная вайна Расеі супраць мірнай краіны канчаткова пацьвердзіла правал палітыкі ў дачыненьні да Масквы, якая праводзілася Нямеччынай і ЭЗ на працягу дзесяцігодзьдзяў», — гаворыцца ў адкрытым лісьце 96 экспэртаў, апублікаваным у суботу, 19 сакавіка, у газэце Tagesspiegel.

Экспэрты адзначаюць, што вайсковая прысутнасьць Расеі ў Малдове, якая працягваецца з 1992 году, экспансія ў Грузію ў 2008 і ва Ўкраіну ў 2014 гадах прадэманстравалі правал палітыкі, накіраванай на тое, каб з дапамогай інтэнсіўнай дыпляматыі і дамоўных абавязаньняў стрымліваць «усё больш відавочныя нэаімпэрыялістычныя амбіцыі».

Яны нагадалі, што нават адкрытая акупацыя Крыму і «псэўдаграмадзянская вайна» ў Данбасе не перашкодзілі Нямеччыне ў 2015 годзе падпісаць дамову аб збудаваньні падводнага ўчастку газаправод «Паўночны паток — 2», а цяпер, нягледзячы на вайну ва Ўкраіне, Нямеччына працягвае маштабны імпарт нафты і газу з РФ, чым шчодра папаўняе расейскую казну.

«Блізарукі эгаізм» Нямеччыны

«Ужо адзін трагічны і невыразны лёс Украіны павінен быць дастатковай падставай для больш энэргічных дзеяньняў з боку Нямеччыны і ЭЗ, аднак прадухіленьне посьпеху Пуціна ў яго імпэрскім рэваншызьме — у спрадвечных інтарэсах усёй Эўропы. Гандаль і агульны дабрабыт магчымыя толькі ў стабільным і мірным асяродзьдзі. Посьпех Пуціна ва Ўкраіне можа прывесьці да далейшай агрэсіі супраць пазаблёкавых суседніх краін, такіх як Малдова і Грузія, і яшчэ больш дэстабілізаваць эўрапейскі кантынгент», — мяркуюць аўтары ліста.

«Нямеччына і эўрапейская ўсходняя палітыка павінны сканцэнтравацца на тым, што актыўна садзейнічаць выжываньню Ўкраіны ўжо сёньня, замест таго каб прымаць меры, якія могуць падзейнічаць толькі праз многія тыдні, а то і месяцы. Блізарукаму эгаізму Нямеччыны ў агульнаэўрапейскіх намаганьнях супрацьстаяць пуцінскай агрэсіі трэба пакласьці канец і ўжо цяпер задзейнічаць усе даступныя меры, каб павысіць цану гэтай вайны для Расеі», — падкрэсьліваюць падпісанты.

Заклік да ўзмацненьня жорсткасьці санкцый

У якасьці магчымых мер аўтары ліста прапануюць увесьці санкцыі супраць усіх без выключэньня расейскіх банкаў, цалкам адключыць Расею ад аплатнай сыстэмы SWIFT, спыніць закупку любой нафты, газу і іншай сыравіны з РФ, ізаляваць Расею, увесьці ў ЭЗ візавыя забароны для чальцоў ураду РФ і блізкай да ўраду эліты і канфіскаваць фінансавыя сродкі і маёмасьць блізкіх да Пуціна расейскіх алігархаў і кампаній.

Экспэрты таксама заклікаюць адхіліць Расею ад усіх міжнародных грамадзкіх і спартовых мерапрыемстваў, аказваць падтрымку эканоміцы і арміі Ўкраіны і, у ліку іншага, пастаўляць Украіне ня толькі лёгкія, але і цяжкія абарончыя і наступальныя ўзбраеньні, такія як буйныя зэнітныя комплексы, самалёты, караблі і транспартныя сродкі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG