Некалькі тысяч жыхароў захопленых Расеяй Херсону і Бярдзянску выйшлі на акцыі пратэсту супраць акупацыі Расеяй
Жыхары Херсону на акцыі пратэсту супраць расейскай акупацыі трымалі вялікі ўкраінскі сьцяг і выгуквалі па-ўкраінску: «Херсон — гэта Ўкраіна!».
На цэнтральнай плошчы гораду ўключылі гучную ўкраінскую музыку, людзі сьпяваюць вядомыя ўкраінскія песьні разам.
На акцыі выйшлі таксама ў Бярдзянску Запароскай вобласьці, які расейскія войскі захапілі 6 сакавіка і заблякавалі дзейнасьць усіх украінскіх мясцовых СМІ.
Жыхары Мелітопаля выходзяць на акцыі пратэсту штодзень, пачынаючы з 5 сакавіка. Яны таксама, трымаючы ў руках украінскія сьцягі, скандуюць, што горад украінскі, і патрабуюць тэрміновага вызваленьня выкрадзенага мэра горада Івана Фёдарава.