Паводле інфармацыі «Вясны», на судзе над Алесем Пушкіным затрымалі траіх чалавек.
Так, паведамляюць, што 73-гадовага мастака Алеся Цыркунова затрымалі за стужкі на кашулі – бел-чырвона-белую і жоўта-блакітную.
«Сьведкі паведамляюць, што мастака Алеся Цыркунова затрымалі за стужачкі на кашулі – бел-чырвона-белую і жоўта-блакітную», – адзначылі праваабаронцы.
Суд над Пушкіным пачаўся 10 сакавіка. Палітвязень заявіў хадайніцтвы аб адводзе судзьдзі і дзяржабвінаваўцы. Пакуль Шылько прымала рашэньне аб хадайніцтвах, Пушкін выступіў перад прысутнымі на паседжаньні, расказаўшы, што з 3 лютага не атрымлівае карэспандэнцыі, што шмат рысуе ў сьледчым ізалятары – напісаў каля 200 партрэтаў сукамэрнікаў і супрацоўнікаў установы.
Судзьдзя адхіліла хадайніцтвы падсуднага і вырашыла праводзіць працэс у закрытым рэжыме.
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 году. Яму ставяць у віну наўмысныя дзеяньні ў рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 КК у рэдакцыі ад 18 ліпеня 2019 году) і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК).
Дзеяньні, зьвязаныя з апаганеньнем дзяржаўнай сымболікі, сам мастак назваў пэрформансам. Ён лічыць, што яго перасьледуюць «за творчую дзейнасьць, іншадумства, неабыякавыя адносіны да гісторыі свайго краю».
У верасьні мінулага году Пушкін адмовіўся напісаць прашэньне аб памілаваньні.