Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвакуацыя жыхароў Сумаў, 8 сакавіка
Эвакуацыя жыхароў Сумаў, 8 сакавіка

Працяг эвакуацыі з Сумаў, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 14-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне

абноўлена

На Кіеўшчыне працягваюцца зацятыя баі, у вайне гінуць дзеці, расейцы зрываюць абяцаньні даць рэжым цішыні і гуманітарныя калідоры для эвакуацыі мірных жыхароў. Свабода ў онлайне сочыць за ўсімі падзеямі.

  • 9 сакавіка ў Марыюпалі расейскія войскі разбамбілі мясцовую дзіцячую бальніцу. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце назваў гэта доказам генацыду ўкраінцаў.
  • За некалькі гадзін да бамбаваньня прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава згадала пра Марыюпальскую дзіцячую бальніцу ў такім кантэксьце, што ў ёй нібыта заселі «ўкраінскія нацбаты».
  • Раніцай 8 сакавіка адбылося бамбаваньне Сумаў. Ад расейскага авіяўдару загінуў 21 чалавек, сярод іх двое дзяцей.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны дасягнула 2 млн чалавек. Тэмпы значна перавышаюць пэрыяд вайны ў Босьніі ў 90-я. Харкаў ужо страціў амаль траціну свайго даваеннага насельніцтва.
  • Кіеўскі Цэнтар абаронных стратэгій заявіў, што расейцы страцілі ўжо траціну баяздольнага войска.
  • Нямеччына і Вугоршчына ня будуць уводзіць эмбарга на пастаўкі нафты і газу з Расеі.
  • Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо 12 дзён заблякаваныя на станцыі.
  • Ціханоўская ў Бэрліне выступіла за статус ваенных уцекачоў для беларусаў, якія цяпер выяжджаюць з Украіны і Беларусі.
  • Тры беларускія банкі адключылі ад SWIFT.
  • Эўразьвяз падрыхтаваў плян скарачэньня імпарту расейскіх газу і нафты.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў пра забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў.
  • 13-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне: бамбаваньне Сумаў, гуманітарныя калідоры, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
13:26 9.3.2022

У Кіеве правядуць акцыю «Свабоднае неба/Free Sky» з заклікам зрабіць беспалётную зону над Украінай

Украінскія музыкі сёньня ў цэнтры Кіева правядуць мастацкую акцыю «Вільне небо/Free Sky» з заклікам зрабіць над Украінай беспалётную зону.

Музыкі сымфанічнага аркестру «Київ-Класик» пад кіраўніцтвам дырыгента, артыста UNESCO ў імя міру Германа Макаранкі пры падтрымцы Нацыянальнай музычнай акадэміі выканаюць гімны Ўкраіны і эўрапейскіх краін, а таксама шэраг вядомых украінскіх твораў.

14:04 9.3.2022

Міністры замежных спраў Украіны і Расеі Дзьмітро Кулеба і Сяргей Лаўроў сустрэнуцца ў Турэччыне

Сёньня МЗС Расеі пацьвердзіла, што міністры сустрэнуцца ў Антальлі: Лаўроў ляціць туды на міжнародны дыпляматычны форум, і там плянуецца ягоны кантакт з Кулебам. Раней паведамлялася, што міністры сустрэнуцца 10 сакавіка. Дыпляматычны форум афіцыйна адкрываецца 11 сакавіка.

14:07 9.3.2022

Зяленскі зноў заклікаў сьвет закрыць неба над Украінай, каб уратаваць жыцьці грамадзян

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў з чарговым зваротам з нагоды расейскага ваеннага ўварваньня.

«Вораг можа зруйнаваць нашы сьцены, будынкі, сьцены нашых школ, цэркваў, можа зьнішчыць украінскія прадпрыемствы, але ніколі не дабярэцца да нашай душы, нашага сэрца і нашага ўменьня жыць свабодна і змагацца сьмела», — заявіў Зяленскі ў сваім чарговым звароце да ўкраінскага народу.

14:10 9.3.2022

Беларускі добраахвотнік расказаў Свабодзе пра бой пад Кіевам у пасёлку Буча

У баі, дзе сьмяротна паранілі Ільлю «Літвіна» Хрэнава, удзельнічалі яшчэ некалькі беларускіх добраахвотнікаў. Адзін зь іх атрымаў раненьне, яму ампутавалі нагу, сёньня ягонаму жыцьцю ўжо нічога не пагражае.

14:14 9.3.2022

Bellingcat: Пуціну не паведамляюць рэальнай сытуацыі на вайне ва Ўкраіне

Прэзыдэнту РФ Уладзіміру Пуціну атачэньне не паведамляе поўнай інфармацыі аб уварваньні ва Ўкраіну. У прыватнасьці, яму ня кажуць, што 100% украінцаў супраць акупантаў. Пра гэта расказаў журналіст-расьсьледнік Bellingcat Хрыста Грозеў у тэлемаратонe.

Паводле яго, расейская прапаганда працуе дастаткова эфэктыўна на сваю аўдыторыю і «літаральна па нулях» для замежнай аўдыторыі – гэта галоўная зьмена. «Параўноўваючы з 2014 годам, калі ім удалося паўплываць на частку заходняй думкі, цяпер у Эўропе няма ніводнага адэкватнага чалавека, які б паверыў у гэтыя фэйкі. На жаль, для расейскай аўдыторыі гэта працуе».

14:24 9.3.2022

Уласьнік заапарку ў зоне баявых дзеяньняў пад Кіевам заклікае дапамагчы эвакуаваць жывёлаў

Дырэктар заапарку «Парк Xll месяцаў» Міхаіл Пінчук зьвярнуўся да валянтэраў з заклікам дапамагчы эвакуаваць жывёлаў, якія знаходзяцца ў эпіцэнтры ваенных дзеяньняў, за 25 кілямэтраў ад Кіева.

«Мы разумеем, што цяпер дрэнна ўсім: старым, дзецям, жанчынам. Нам яшчэ горш, таму што ў нас «сонечныя дзеці», якіх ніяк не супакоіць, на іх нельга надзець тры швэдры і прымусіць выпіць гарбаты, нагрэтай на вогнішчы. Іх нават нельга абняць пад коўдрай. Дызэль скончыўся, надыходзяць халады, мы пачынаем гінуць», — напісаў Міхаіл Пінчук на сваёй старонцы ў Facebook.

14:26 9.3.2022

Парашэнка: Будзе нанесены ўдар у адказ, калі Лукашэнка аддасьць загад на ўдзел беларускіх салдат у вайне на нашай тэрыторыі

Пяты прэзыдэнт Ўкраіны Пятро Парашэнка заявіў аб імавернасьці нанясеньня ўдару ў адказ у выпадку загаду Лукашэнкі аб далучэньні беларускіх войскаў да расейскіх у вайне супраць Украіны.

«Наступ Расеі з боку Беларусі і захоп Чарнобыльскай АЭС — канец для Лукашэнкі. Лукашэнка перайшоў „чырвоную лінію“. Беларусь дэ-факта ўдзельнічае ў агрэсіі супраць нашай краіны», — заявіў Пятро Парашэнка.

14:45 9.3.2022

Арастовіч: абаронцы Ўкраіны нясуць страты, але яны нашмат меншыя, чым у расейцаў

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў пра бягучую сытуацыю на фронце. За ноч расейцы не вялі актыўных баявых дзеяньняў, перагрупоўваючыся і засяродзіўшыся на аблозе гарадоў, якія палічылі для сябе прыярытэтнымі ў гэтай сытуацыі — Кіева, Харкава, Марыюпалю, Мікалаева. Таксама чыноўнік адзначыў, што шмат сілаў захопнікі перанесьлі на барацьбу ў інфармацыйнай прасторы, выдаючы на сваіх рэсурсах здымкі сваёй зьнішчанай тэхнікі за зьнішчаную тэхніку ўкраінцаў.

15:37 9.3.2022

Расейская армія зьнізіла тэмпы прасоўваньня, але не адмовілася ад наступальнай апэрацыі

Пра гэта паведамляюць у Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны. У ведамстве адзначылі, што расейскае войска спрабуе аднавіць і працягнуць наступ на гарады Сумы і Кіеў, а таксама на Северскім і Данецкім кірунках.

Таксама, паводле дадзеных украінскіх вайскоўцаў, захоўваецца высокая імавернасьць дывэрсій на вайсковых аб’ектах і аб'ектах цывільнай інфраструктуры ў Ровенскай і Львоўскай абласьцях.

У той жа час у Генштабе падкрэсьлілі, што асабовы склад расейскай арміі цяпер дэмаралізаваны, здаецца ў палон або зьвяртаецца да дэзэртырства, а ў цэлым шэрагу спроб наступленьня пацярпеў паразу (напрыклад, на подступах да Чарнігава або пры спробе фарсаваць раку Паўднёвы Буг).

16:19 9.3.2022

Тэрытарыяльны кантроль Украіны

16:44 9.3.2022

Літва прапануе забараніць трансьляцыю TV і радыё, фінансаванага Беларусьсю і Расеяй

Улады Літвы прапануюць падоўжыць надзвычайнае становішча да 24 красавіка і забараніць на гэты пэрыяд трансьляцыю ўсіх мэдыя, зьвязаных з уладамі Беларусі і РФ.

Тэрмін дзейнага ў Літве надзвычайнага становішча, які заканчваецца 10 сакавіка, прапануецца падоўжыць да 24 красавіка.

Калі падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў праект пастановы ўраду прымуць, на тэрыторыі краіны будзе рэкамэндавана «забараніць рэтрансьляцыю радыё-, тэле- або іншых праграм, створаных суб'ектамі, якія наўпрост або ўскосна кантралююцца або фінансуюцца Расеяй і Беларусьсю».

Выключэньне будзе зроблена толькі для тых, хто атрымае дазвол літоўскай камісіі па тэлерадыёвяшчаньні.

16:50 9.3.2022

Расейскія вайскоўцы не дазволілі ўкраінскай рамонтнай брыгадзе выехаць на аднаўленьне электралініі ЧАЭС

Украінская рамонтная брыгада спрабавала выехаць на месца пашкоджаньня лініі электраперадач, каб аднавіць энэргазабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС і іншых ядзерных аб’ектаў у зоне адчужэньня.

У кампаніі «Укрэнэрга» журналістам Радыё Свабода паведамілі, што правесьці рамонт не змаглі з прычыны няспынных абстрэлаў і запалохваньня з боку расейскіх вайскоўцаў.

Журналісты апублікавалі запіску выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара ЧАЭС Валерыя Сейды, дзе гаворыцца, што на рамонт ёсьць толькі 48 гадзін. Пасьля гэтага кантроль над ядзернымі аб’ектамі будзе страчаны.

«Паводле інфармацыі дыспэтчарскага цэнтру, прычынай абясточваньня стаў абрыў лініі электраперадач, месца абрыву невядомае. Для аднаўленьня электразабесьпячэньня неабходна тэрмінова даць калідоры для рамонтных брыгад», — адзначае кіраўнік ЧАЭС у сваёй запісцы.

16:54 9.3.2022

У Гомлі завялі крымінальную справу за фота расейскай тэхнікі

Ліцэіст з Гомельскай вобласьці сфатаграфаваў вайсковую тэхніку для тэлеграм-канала. Супраць яго завялі крымінальную справу, піша «Вясна».

У канцы лютага — пачатку сакавіка падлетак сфатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і яе перамяшчэньне. Здымкі ён адправіў у тэлеграм-канал, прызнаны беларускімі ўладамі экстрэмісцкім.

Хлопца затрымалі, у дачыненьні да яго распачалі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 361-4 КК (Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

16:58 9.3.2022

Брытанія ўпершыню перадала Ўкраіне «летальную зброю»

Міністар абароны Бэн Уолес пацьвердзіў, што Вялікая Брытанія ўпершыню падала Ўкраіне «летальную дапамогу». Пад гэтым тэрмінам звычайна разумеецца дапамога, якая выкарыстоўваецца для вядзеньня вайны, гэта значыць зброя і вайсковыя транспартныя сродкі.

У дадзеным выпадку маюцца на ўвазе пастаўкі 3615 адзінак супрацьтанкавай зброі, партыі стралковай зброі, боепрыпасаў, сродкаў сувязі. Вялікая Брытанія таксама рыхтуецца адправіць невялікую партыю супрацьтанкавых ракет Javelin.

18:04 9.3.2022

Украінская выведка: У Чорным моры расейцы захапілі ўкраінскі цывільны ратавальны карабель

Галоўнае ўпраўленьне Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што расейцы захапілі цывільнае ратавальнае судна «Сапфір» і прымусова транспартуюць яго ў Севастопаль.

Капітан украінскага карабля змог паведаміць у Адміністрацыю марскіх партоў Украіны, што функцыі камандаваньня ўзяў на сябе расейскі вайсковец, а ўкраінскі экіпаж трымаюць пад прыцэлам.

Адэскі каардынацыйна-ратавальны цэнтар зьвярнуўся да некалькіх расейскіх караблёў, якія знаходзіліся побач, з патрабаваньнем вызваліць судна «Сапфір», захопленае ў тэрытарыяльных водах Украіны паблізу вострава Зьмяіны.

«Сапфір» знаходзіцца на балянсе марской пошукава-ратавальнай службы Ўкраіны і прызначаны для патруляваньня ў адкрытым моры і ратаваньня судоў, якія церпяць бедзтва.

Украінскі бок кваліфікаваў гэтыя дзеяньні Расеі як пірацтва і парушэньне нормаў міжнароднага марскога права.

18:13 9.3.2022

Марыюпальская гарадзкая рада: «Расейская авіяцыя разбамбіла мясцовую дзіцячую бальніцу»

Паведамляецца, што корпус мэдычнай установы, дзе яшчэ нядаўна лячыліся дзеці, цалкам разбураны. Інфармацыя пра пацярпелых дзяцей удакладняецца.

Пра пацярпелых заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. «Людзі пад заваламі. Дзеці пад заваламі», — сказаў ён.

20:52 9.3.2022

У Эўразьвязе ўхвалілі новыя санкцыі супраць Расеі. Пад іх падпалі кіраўнікі «Уралхима», VK, «Роснано» і «Аэрофлота»

Як раней удакладняла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен, санкцыі ЭЗ будуць накіраваныя супраць 160 расейцаў: 14 бізнэсмэнаў і 146 чальцоў Савету Фэдэрацыі. Цяпер у чорным сьпісе Эўразьвязу 862 фізычныя асобы і 53 арганізацыі з Расеі.

Пазьней стала вядома, што сярод бізнэсоўцаў пад санкцыі трапілі:

  • кіраўнік VK Уладзімір Кірыенка;
  • кіраўнік «Аэрофлота» Міхаіл Полубаярынаў;
  • кіраўнік «Роснано» Сяргей Кулікоў;
  • старшыня рады дырэктараў «Уралхима» Дзьмітры Мазепін і яго сын Мікіта.

Акрамя таго, паведамляецца, што ўхвалены санкцыі, «накіраваныя супраць марскога сэктару».

01:17 10.3.2022

Зяленскі ў звароце назваў абстрэл дзіцячага шпіталя ў Марыюпалі доказам генацыду ўкраінцаў

Прэзыдэнт Украіны зьвярнуўся да эўрапейцаў: «Вы павінны ўзмацняць санкцыі супраць Расеі так, каб у яе больш не было ніякай магчымасьці працягваць гэты генацыд. Вы павінны ціснуць на Расею так, каб яны селі за стол перамоваў і завяршылі гэтую зьверскую вайну».

«Усё, што акупанты робяць з Марыюпалем, — гэта ўжо за мяжой зьверства», — сказаў Зяленскі.

01:19 10.3.2022

Ва Ўкраіне створаць электронную базу разбуранай маёмасьці

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што прыкладна праз тыдзень у электронным сэрвісе дзяржпаслугаў «Дія» можна будзе зарэгістраваць інфармацыю пра пашкоджаную і разбураную маёмасьць.

«Кожны, хто застаўся бяз даху над галавой, кожны, чый дом або кватэру зьнішчыў акупант, зможа пакінуць пазоў аб кампэнсацыі ў «Діі». У нас ужо створаны Фонд па аднаўленьні разбуранай маёмасьці і інфраструктуры. І як толькі вайна скончыцца, мы пачнем аднаўляць усё, што было зьнішчана ворагам, — цытуе кіраўніка ўраду тэлеграм-канал Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

XS
SM
MD
LG