Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны і прэм’ер Вялікай Брытаніі дамовіліся аб «наступных супольных кроках» для процідзеяньня расейскай агрэсіі


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абмеркаваў з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам далейшае ўзмацненьне санкцыяў супраць Расеі і наступныя супольныя крокі.

«Працягнуў дыялёг з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам. Інфармаваў аб супрацьдзеяньні агрэсару. Асудзілі ядзерны тэрарызм і ваенныя злачынствы Расеі. Абмеркавалі далейшае ўзмацненьне санкцыяў супраць Расеі і дамовіліся аб наступных супольных кроках», — напісаў Зяленскі ў Twitter 6 сакавіка.

Напярэдадні прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заклікаў лідэраў іншых краінаў далучыцца да пляну адказу на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, які складаецца з шасьці пунктаў.

«Недастаткова выказаць нашую падтрымку міжнароднаму парадку, заснаванаму на правілах, мы павінны абараніць яго ад настойлівых спробаў перапісаць правілы вайсковай сілай», — сказаў Джонсан.

Яго плян прадугледжвае стварэньне міжнароднай гуманітарнай кааліцыі для Ўкраіны, падтрымку яе самаабароны і максымальны эканамічны ціск на Маскву. Джонсан таксама заклікаў да дыпляматычнай дээскаляцыі пры актыўным удзеле ўкраінскіх уладаў, да ўмацаваньня бясьпекі ў эўраатлянтычным рэгіёне і недапушчэньня «паўзучай нармалізацыі» расейскай дзейнасьці ва Ўкраіне.

  • Пасьля расейскага нападу, які пачаўся 24 лютага, ва Ўкраіне было ўведзенае ваеннае становішча і абвешчаная ўсеагульная мабілізацыя. Краіны Захаду ўводзяць моцныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі і працягваюць пастаўляць зброю Ўкраіне. Аднак у просьбе прэзыдэнта Зяленскага аб стварэньні беспалётнай зоны над Украінай NATO адмовіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG