Малітва жанчын за мір і спыненьне вайны анансавалася ў сацыяльных сетках — на telegram-канале «Союз матерей» і на старонцы facebook «Хрысьціянская візія». На малітву заклікалі прыйсьці жанчын, якія супраць вайны ва Ўкраіне і супраць уцягваньня ў яе беларусаў.
«Нас там сабралася даволі шмат — у храме. Каля сабору стаялі прыкметныя „бусы“, вакол круціўся АМАП і „ціхары“. Нас усіх на ўваходзе здымалі на камэру. Ня ведаю, ці затрымаюць нас, але хутчэй так», — напісала Свабодзе адна з удзельніц у час малітвы. Пасьля сувязь зь ёю зьнікла. На telegram-канале «Союз матерей» зьявіліся паведамленьні, што ў храме затрымалі прынамсі трох жанчын.
«Затрымалі ў храме, падчас малітвы, яны былі на каленях, без плякатаў! Каму моліцеся вы, ірады?», — напісалі ў telegram-канале «Союз матерей».