«У экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах і на розных інфармацыйных рэсурсах публікуюцца заклікі да арганізацыі масавых несанкцыянаваных акцыяў і дзеяньняў, накіраваных на зрыў рэфэрэндуму, які праводзіцца ў краіне», — заявіў Сьледчы камітэт Беларусі.
У паведамленьні СК гаворыцца аб завядзеньні некалькіх крымінальных справаў за грубае парушэньне грамадзкага парадку, супраціў праваахоўнікам і заклікі да такіх дзеяньняў.
«Цяпер затрыманыя больш за 10 арганізатараў, якія заклікалі да экстрэмісцкіх дзеяньняў. З падазраванымі працуюць сьледчыя. Іх дзеяньням дадзена праўная ацэнка», — піша ведамства.
Праваабаронцы і валянтэры паведамляюць пра 55 затрыманых чалавек па ўсёй краіне.
Вядома пра затрыманьні ў Менску, Горадні, Лідзе, Магілёве, Баранавічах, Докшыцах, Наваполацку, Мазыры, Ваўкавыску, Дрыбіне, Жодзіне, Бабруйску.
У дзень рэфэрэндуму людзі выходзяць на антываенныя акцыі, адзіночныя пікеты, скандуюць і трымаюць плякаты «Не вайне», нясуць украінскія сьцягі.