Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: «Перамоваў у Гомлі ня будзе, бо зь Беларусі ляцяць ракеты ва Ўкраіну»


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Расейцы, як высьветлілася, прапаноўвалі ўкраінскаму войску скласьці зброю перад перамовамі ў беларускім Гомлі, на што атрымалі жорсткі адказ.

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ў адказ заявіў, што Кіеў згодны на перамовы з Расеяй, але ня ў Менску.

«Ня Менск. Варшава, Браціслава, Будапэшт, Стамбул, Баку — гэтыя гарады мы прапанавалі Расеі для вядзеньня перамоваў. Ды і любы іншы горад нам падыходзіць — у краіне, з тэрыторыі якой не ляцяць ракеты ва Ўкраіну».

Уладзімір Зяленскі прапанаваў расейцам для перамоваў Варшаву, Браціславу, Будапэшт, Стамбул ці Баку, бо толькі на нэўтральнай тэрыторыі магчымыя сапраўдныя дамоўленасьці па заканчэньні вайны, а Беларусь назваць такой не выпадае.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Нікіфараў таксама заявіў, што ні пра якія перамовы ў гэтай сытуацыі гаворкі няма. Патрабаваньні Расеі зусім не прымальныя.

«Трэба сказаць, што прадстаўнікоў Украіны там [на перамовах — РС] ня будзе. Гэты фармат сапраўды абмяркоўваўся, але ў апошні момант расейскія перамоўнікі выставілі ўмову, каб украінскае войска спачатку склала зброю. На гэта адразу атрымалі прапанову адправіцца за „русским военным кораблём“. Таму іхныя цяперашнія заявы і рашэньні, нягледзячы ні на што, дэманстратыўна ехаць у Гомель — гэта толькі інфармацыйны ціск і спроба перакласьці адказнасьць за правал на Ўкраіну».

Нікіфараў прызнаў, што Ўкраіна гатовая да перамоваў, але «не гатовая прыслухоўвацца ні да якіх перадумоў». Гэта датычыцца і месца правядзеньня мерапрыемства.

«Мы ня можам паехаць у Беларусь, адкуль у нашы гарады ляцяць самалёты і ракеты. Аналягічным чынам у пытаньнях бясьпекі нашай дэлегацыі мы павінны разьлічваць на гарантыі краіны знаходжаньня. Улічваючы папярэднія падзеі, такія гарантыі каштуюць вельмі мала».

Пазыцыя Ўкраіны застаецца нязьменнай, украінскія прадстаўнікі гатовыя сустрэцца з расейцамі ў любым нэўтральным месцы: Баку, Стамбуле, Варшаве, Вене.

«Мы працягваем запрашаць Расею як мага хутчэй сесьці за стол перамоваў і выратаваць жыцьці сваіх вайскоўцаў. Кожны дзень прамаруджваньня будзе каштаваць Расеі непапраўных людзкіх і эканамічных стратаў».

Раніцай 27 лютага зьявілася інфармацыя, што расейская дэлегацыя прыбыла ў Гомель на перамовы з украінскім бокам. На гэта публічна пагадзіўся і Аляксандар Лукашэнка, які пачаў сумесныя з Пуціным вучэньні ў Беларусі, а затым тэхніка пачала зь беларускага кірунку атакаваць Украіну.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG