У Бэрліне прайшла шматтысячная акцыя супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну
Нямеччына будзе адмаўляцца ад расейскага газу
Нямеччына ўзгадніла пляны будаўніцтва двух тэрміналаў для звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) і павелічэньня сваіх газавых запасаў, каб паменшыць залежнасьць ад расейскага газу пасьля ўварваньня Расеі ва Украіну, паведамляе Бі-бі-сі — Украіна.
Жыхары Менску прыносяць да пасольства Ўкраіны ў Беларусі кветкі.
У цэнтры Пецярбургу праходзіць буйны антываенны пратэст супраць вайны ва Ўкраіне. Пратэстоўцаў спрабуе падзяліць паліцыя. Пратэсты праходзяць таксама ў Маскве — антываеннае шэсьце рухаецца да храму Хрыста Збавіцеля, ідуць затрыманьні.
У Маскве жорсткія затрыманьні пратэстоўцаў прайшлі ля мэмарыялу Нямцова.
Гішпанія і Канада закрылі паветраную прастору для Расеі.
Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці расейскія ядзерныя сілы ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства
Што такое сілы стрымліваньня і пры чым тут ядзерная зброя?
Стратэгічныя сілы стрымліваньня — гэта «аснова баявой моцы Ўзброеных сіл Расеі, прызначаныя для стрымліваньня агрэсіі супраць Расеі і яе саюзьнікаў, а таксама разгрому агрэсара ў вайне з прымяненьнем розных відаў зброі, у тым ліку ядзернай», пазначана на сайце Мінабароны РФ.
Стратэгічныя сілы стрымліваньня ўключаюць:
Стратэгічныя наступальныя сілы (СНС) і Стратэгічныя абарончыя сілы (САС).
Аснову СНС, абсталяваных ракетнымі і авіяцыйнымі комплексамі міжкантынэнтальнай далёкасьці, высокадакладную зброю вялікай далёкасьці складаюць стратэгічныя ядзерныя сілы, у якія ўваходзяць Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня.
У склад СНС таксама ўваходзяць стратэгічныя няядзерныя сілы як сілы падвойнага прызначэньня — злучэньні і часткі стратэгічных і далёкіх бамбавікоў ДА ВПС, а таксама падводныя лодкі, надводныя караблі і марская ракетаносная авіяцыя ВМФ са звычайнай высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці.
Аснову САС складаюць боегатовыя сілы і сродкі Войскаў паветрана-касьмічнай абароны, якія ўключаюць у сябе сыстэму папярэджаньня аб ракетным нападзе, сыстэму кантролю касьмічнай прасторы, супрацьракетнай абароны і супрацькасьмічнай абароны, супрацьпаветранай абароны.
З пачатку вайны Украіну ўжо пакінулі 368 тысяч чалавек
Пра гэта паведаміў Высокі камісар ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі.
У Расеі на антываенных акцыях затрымалі больш за 460 чалавек
У Расеі 27 лютага на антываенных акцыях затрымалі больш за 461 чалавек. Такія зьвесткі прыводзіць расейскі праваабарончы праект «ОВД-Инфо» на 16:45 маскоўскага часу.
У Маскве затрымалі прынамсі 111 чалавек, у Пецярбургу — 29, Самары — 30.
Паводле праваабаронцаў, 24, 25 і 26 лютага сілавікі ўва ўсёй Расеі затрымалі як мінімум 3122 чалавекі.
Дэпутат Рады: «У Бучы няма ніякай эвакуацыі, гэта расейцы зьбіраюць людзей»
Дэпутат Вярхоўнай Рады Алена Шкрум заявіла, што расейскія вайскоўцы праводзяць у Бучы фэйкавую эвакуацыю, насамрэч там няма эвакуацыі.
«БУЧА: Ні ў якім разе не сядайце, эвакуацыі няма! Калі ласка! Праверце ўсё ў мясцовай тэрытарыяльнай абароне», — напісала Алена Шкрум.
«Кібэрпартызаны» заявілі, што правялі новую атаку на беларускую чыгунку
Мэта — спыніць перасоўваньне вайсковай тэхнікі.
«Дарога пераходзіць у ручны рэжым кіраваньня, што істотна запаволіць рух цягнікоў, але ня створыць аварыйнай сытуацыі. На гэты момант таксама не працуюць сайты pass.rw.by, portal.rw.by, rw.by. Унутраная сетка будзе адключаная, пакуль войскі РФ не пакінуць тэрыторыю Беларусі і ўдзел вайсковых сілаў Беларусі ў агрэсіі ня спыніцца», — заявілі «Кібэрпартызаны».
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон зьвярнуўся ў сацыяльных сетках да беларускага народу
«Беларусь ня можа стаць месцам разьмяшчэньня расейскіх ядзерных ракет, накіраваных на Эўропу. Беларуская моладзь мае права выбіраць Эўропу, дэмакратыю і свабоду. Мы гатовыя да гэтага. За будучыню Беларусі. За Ўкраіну. За Эўропу».
Украінскі кум расейскага прэзыдэнта Медзьвядчук уцёк з-пад хатняга арышту
Украінскае выданьне „Дзеркало тижня“ з спасылкай на свае крыніцы ў праваахоўных органах Украіны паведамляе, што лідэр прарасейскай партыі „Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё»“ Віктар Медзьвядчук, кум прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, уцёк з-пад хатняга арышту.
Яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Ён пад хатнім арыштам з 12 кастрычніка 2021 году. Ягоная жонка Аксана Марчанка выехала ў Беларусь за дзень да пачатку вайны Расеі супраць Украіны.
Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці расейскія сілы стрымліваньня ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства
Перадае расейскае агенцтва «РИА Новости». Ён аддаў такі загад на сустрэчы ў Крамлі міністру абароны Сяргею Шайгу і начальніку генэральнага штабу Валерыю Герасімаву. Пуцін спаслаўся на «агрэсіўныя выказваньні» ў адрас Расеі з боку «найвышэйшых службовых асобаў вядучых краін NATO». Пуцін таксама назваў уведзеныя супраць Расеі санкцыі «нелегітымнымі».
Якія краіны закрылі неба расейскім самалётам
Зьявіўся сайт з інфармацыяй аб палонных і забітых расейскіх вайскоўцах ва Ўкраіне
Сайт стварылі супрацоўнікі МУС Украіны, каб сваякі забітых і ўзятых у палон маглі атрымаць інфармацыю.
«Калі вашы сваякі або знаёмыя знаходзяцца ва Ўкраіне і ўдзельнічаюць у вайне супраць нашага народу — тут вы зможаце атрымаць інфармацыю пра іхны лёс», — паведамляецца на сайце.
На сайце зьмешчаныя дакумэнты з інфармацыяй аб загінулых, а таксама відэа допытаў узятых у палон.
Украінскі баксэр Уладзімір Клічко ў звароце да беларусаў і расейцаў: застаньцеся дома і не падносьце патронаў войску
Украінскі баксэр Уладзімір Клічко, брат мэра Кіева Віталя Клічка, заклікаў грамадзян Беларусі і Расеі падтрымаць Украіну, а не «падносіць патроны» сваім войскам.
«Зьвяртаюся да неабыякавых расейцаў і беларусаў! Штодня вы ходзіце на працу і дапамагаеце сваёй арміі падносіць патроны, так бы мовіць. І страляць у нас ракетамі. І забіваць нас, вашых, як вы нас завяце, «братоў і сясьцёр».
«Застаньцеся дома! Правядзіце час з вашай сям’ёй, сябрамі, дзецьмі, унукамі. Тое, што мы, украінцы, зрабіць ня можам, бо вы нас забіваеце, бамбіце, вы нам не даяце жыць! Застаньцеся дома! Застаньцеся дома, не хадзіце на працу. Проста застаньцеся дома. У нашу падтрымку і супраць вайны».
«Українська правда»: У Кіеве пагадзіліся на мірныя перамовы з Расеяй пад Гомлем
Перамовы дэлегацыяў Украіны і Расеі пройдуць на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю ў Гомельскай вобласьці, паведамляюць расейскія СМІ.
«Без умоваў. Гэта важна. Яны ініцыявалі. У нас будзе вельмі карэктная дэлегацыя», — паведаміла выданьню «Українська правда» крыніца ва ўкраінскай уладзе.
Мэр Кіева: У сталіцы Ўкраіны загінула 31 асоба і 106 атрымалі раненьні
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ад пачатку атакі Расеі на ўкраінскую сталіцу загінулі 9 мірных жыхароў, у тым ліку адно дзіця, 4 невядомыя асобы і 18 байцоў тэрытарыяльнай абароны.
«Атрымалі раненьні 106 асобаў, у тым ліку 47 цывільных і трое дзяцей», — паведаміў Віталь Клічко.
«Кіеў працягвае трымаць абарону. Расейскіх войскаў у сталіцы няма. Уначы былі сутыкненьні і перастрэлкі. Зьнішчылі некалькі вялікіх дывэрсійных групаў», — дадаў мэр украінскай сталіцы.
Таксама Віталь Клічко распаўсюдзіў зварот свайго брата Ўладзіміра Клічко, які зьвярнуўся да беларусаў і расейцаў.
«Зьвяртаюся да неабыякавых расейцаў і беларусаў! Кожны дзень вы ходзіце на працу і дапамагаеце свайму войску падносіць патроны, так бы мовіць. І страляць у нас ракетамі. І забіваць нас, вашых, як вы нас завяце, „братоў і сясьцёр“. Добры вы брацкі народ, дзякуй вам! Застаньцеся дома! Правядзіце час з вашай сям’ёй, сябрамі, дзецьмі, унукамі. Чаго мы, украінцы, зрабіць не можам, бо вы нас забіваеце, бамбіце, вы нам не даяце жыцця! Застаньцеся дома!», — працытаваў Віталь Клічко брата.
Лукашэнка пагаварыў зь Зяленскім і Пуціным. Кажа, што прапанаваў перамовы Ўкраіны і Расеі на мяжы
Пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Лукашэнка зьвярнуўся да Пуціна з прапановай расейскай дэлегацыі, якая прыбыла ў Гомель для ўдзелу ў мірных перамовах, затрымацца і перанесьці іх на крыху пазьнейшы час — у сувязі з затрымкай дэлегацыі з Украіны, як піша ТГ-канал прэс-службы Лукашэнкі:
«Пуцін прапанову беларускага калегі падтрымаў. Як плянуецца, перамовы адбудуцца ў Гомельскай вобласьці, на беларуска-ўкраінскай мяжы».
Затрыманьні на антываенных мітынгах у Беларусі
Людзі зьбіраюцца на ўчастках (у Беларусі 27 лютага рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю) у доўгія чэргі і выказваюць пратэст вайне супраць Украіны, у якую ўступіў Лукашэнка. Таксама яны выступаюць за поўны сыход Лукашэнкі з палітыкі.
Праваабаронцам на гэты момант вядомыя 12 імёнаў затрыманых .