Журналіст Zerkalo.io задаў пытаньні намесьніку камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі палкоўніку Хазалбеку Атабекаву. На пытаньні «Што адбываецца? Чаму на межы адпраўляюць салдат тэрміновай службы? Што рабіць, калі Пуцін вырашыць захапіць Беларусь?» намесьнік камандуючага ня стаў адказваць і параіў захоўваць спакой.
«Памежнікі выконваюць свае задачы, унутраныя войскі свае задачы, Мінабароны свае задачы. Захоўвайце спакой», — сказаў Атабекаў.
На ўдакладняльнае пытаньне: «Гэта значыць, нашы салдаты ня будуць ваяваць ва Ўкраіне?», Атабекаў запэўніў, што гэтага ня будзе.
Пры гэтым журналістам прыходзяць паведамленьні аб тым, што вайскоўцаў адпраўляюць на мяжу — як тэрміновай службы, так і кантрактнікаў. Але на «гарачай лініі» Міністэрства абароны не здымалі слухаўку.