Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска
Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева з ракет і авіянапад, баі за Мелітопаль і Харкаў. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі
  • Расея працягвае абстрэльваць цывільныя будынкі. У Кіеве ракета пацэліла ў шматпавярховы дом
  • Пасьля расейскага абстрэлу пад Кіевам гарыць нафтабаза
  • Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны
  • Паводле ААН, ужо больш за 150 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай плацежнай сыстэмы SWIFT маюць прыняць цягам некалькіх дзён. Эўразьвяз таксама абмяркоўвае магчымасьць адключыць ад SWIFT Беларусь
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»
  • Памежная служба Ўкраіны абвінаваціла Беларусь у вядзеньні вайны разам з Расеяй
  • Лукашэнка пасьля некалькі дзён маўчаньня загаварыў пра мірныя перамовы
  • Адбылася тэлефонная размова паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Францыі Макронам. Макрона заявіў, што Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны
  • Францыя затрымала ў праліве Ля-Манш расейскі карабель
  • Латвія, Літва, Эстонія, Чэхія, Польшча, Румынія і Баўгарыя закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў
20:31 26.2.2022

Чарнобыльская АЭС працуе, пэрсанал — закладнікі ў расейцаў

Пра гэта паведамляе ўкраінскае выданьне «Суспільне», цытуючы прэс-сакратарку Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня Яўгенію Кузьняцову. Сама станцыя працуе ў плянавым рэжыме.

«Некалькі дзясяткаў людзей не выпускаюць. Ратацыю не дазваляюць. Іх кормяць, пэрсанал гатуе сабе сам з прадуктаў, якія былі ў сталоўцы. Дазваляюць ім есьці і дапускаюць да працоўных месцаў. Расейскія вайскоўцы рыхтуюць сабе з нашых прадуктаў, але прывезьлі з сабой уласнага кухара», — распавяла прэс-сакратарка.

20:56 26.2.2022

Дзяржаўны сакратар ЗША і кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу апублікавалі звароты па-расейску

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль запісалі звароты да расейскага народу і апублікавалі допісы на расейскай мове ў Твітэры.

«Мы ведаем, што мільёны расейцаў ня хочуць вайны. Я шчыра жадаю, каб ваш лідэр спыніў гэтую братазабойчую вайну», — напісаў Бурэль.

«Народу Расеі: вы заслугоўваеце таго, каб жыць у міры і годнасьці, як і ўкраінцы. Як і ўсе людзі дзе б ні было», — напісаў Блінкен.

20:57 26.2.2022

Тры ўкраінскія мабільныя апэратары заблякавалі доступ беларускім абанэнтам

Як паведамілі ў Тэлеграм-канале Вярхоўнай Рады Ўкраіны, «Київстар», Vodafone і lifecell заблякавалі доступ да сваіх сетак для абанэнтаў з РФ і Беларусі.

21:01 26.2.2022

Кіеў разбурыў чыгуначныя пераходы паміж Украінай і Расеяй

Украіна зьнішчыла ўсе чыгуначныя пераходы паміж Украінай і Расеяй ды спыніла дыспэтчарскую сувязь з РФ. Пра гэта паведаміла «Укрзалізниця», дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца пасажырскімі і грузавымі перавозамі на чыгунцы.

21:09 26.2.2022

Instagram стаў пазначаць акаўнты і допісы расейскіх прапагандысцкіх рэсурсаў

Пры такіх акаўнтах і допісах цяпер зьяўляецца надпіс: Russian state-controlled media («Падкантрольнае Расейскай дзяржаве выданьне»).

21:11 26.2.2022

Брытанскае Міністэрства абароны апублікавала ацэнку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі апублікавала кароткае паведамленьне з ацэнкай брытанскай выведкі наконт сытуацыі ва Ўкраіне пасьля расейскага нападу па стане на 26 лютага. У ацэнцы 4 пункты.

  • Хуткасьць расейскага прасоўваньня запаволілася, верагодна, у выніку вострых праблем з лягістыкай і моцным украінскім супрацівам
  • Расейскія сілы абыходзяць асноўныя населеныя пункты Ўкраіны, пакідаючы сілы, каб атачыць і ізаляваць іх
  • У начных баях у Кіева, верагодна, удзельнічала абмежаваная колькасьць загадзя разьмешчаных расейскіх дывэрсійных групаў
  • Захоп Кіева застаецца галоўнай ваеннай мэтай Расеі
21:14 26.2.2022

Літва закрыла паветраную прастору для расейскіх самалётаў

Раней тое ж самае зрабілі Польшча, Чэхія, Баўгарыя, Латвія і Эстонія.

21:18 26.2.2022

МУС Украіны: расейскія войскі падыходзяць да Энэргадару і пачынаюць разгортваць «Грады» ў бок Запароскай АЭС

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны паведаміла аб пагрозе абстрэлу расейскімі войскамі Запароскай АЭС у Энэргадары.

«У гэты момант расейскія войскі набліжаюцца да Энэргадару і пачынаюць разгортваць „Грады“, накіраваныя на Энэргадар і Запароскую АЭС», — паведаміў у відэазвароце дарадца міністра ўнутраных справаў Вадзім Дзенісенка.

21:41 26.2.2022

Зяленскі: «У гэтай, несумненна, народнай вайне ў ворага няма шанцаў»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў з новым відэазваротам да ўкраінскага народу. Сярод іншага, ён сказаў, што кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў паабяцаў Украіне дадатковыя пастаўкі нафты.

«Мы будзем змагацца столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць краіну. Калі ў сховішчах ужо нараджаюцца дзеці нават падчас працягу абстрэлаў, то ў гэтай, несумненна, народнай вайне вораг ня мае шанцаў».

22:02 26.2.2022

Вечаровыя абстрэлы ў Кіеве

На відэа бачна, што адбываецца ў сталіцы Ўкраіны каля 21-й гадзіны менскага часу.

У горадзе пастаянна гучаць сырэны, якія папярэджваюць гараджанаў пра паветраныя ўдары расейскага войска.

22:07 26.2.2022

У гомельскім шпіталі — больш за 150 параненых расейскіх вайскоўцаў

У Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны (Гомель) — больш за 150 параненых расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведамляюць мэдыкі.

«Частку шпіталю аддалі цалкам пад іх патрэбы. Прычым мэдычную дапамогу ім аказваюць у першую чаргу. Параненыя працягваюць паступаць. Іх прывозяць на вайсковых грузавых аўтамабілях», — паведамляе крыніца Свабоды. Раней мэдыкі паведамлялі, што параненых прымае і абласны шпіталь.

Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны — найбліжэйшая буйная мэдычная ўстанова на ўезьдзе ў Гомель. Яна месьціцца каля шашы Чарнігаў — Гомель.

22:09 26.2.2022

Кіраўнік Rakuten ахвяраваў Украіне 8,7 млн даляраў

Хіросі Мікітані, заснавальнік і кіраўнік японскай кампаніі Rakuten, якая займаецца электроннай камэрцыяй, ахвяраў у дапамогу Ўкраіне 8,7 млн даляраў.

22:19 26.2.2022

Папа Рымскі выказаў «найглыбейшы боль» у тэлефоннай размове зь Зяленскім

Папа Францішак 26 лютага патэлефанаваў прэзыдэнту Украіны Ўладзіміру Зяленскаму і выказаў свой «найглыбейшы боль» ў сувязі з пакутамі краіны, паведаміла амбасада Ўкраіны ў Ватыкане. Падрабязнасьці размовы не паведамляюцца.

22:35 26.2.2022

Інстаграм зноў заблякаваў Рамзана Кадырава

Пасьля таго як некалькі гадоў таму заблякавалі асабісты рахунак кіраўніка Чачні, ён завёў новы акаўнт, на які падпісаліся амаль дзевяць мільёнаў карыстальнікаў, паведамляе Meduza.

23:16 26.2.2022

Цэнтральны вакзал у Кіеве праз абстрэлы прыпыніў на нейкі час працу

«Укрзалізниця», украінская чыгуначная служба, часова адключыла электрычнасьць на Цэнтральным вакзале Кіева і эвакуавала пэрсанал у бункер праз блізкасьць абстрэлаў. Празь нейкі час вакзал узнавіў працу. Украінскія СМІ паведамлялі, што абстрэльваўся жылы комплекс прыблізна за два кілямэтры ад галоўнага чыгуначнага вакзалу сталіцы.

23:20 26.2.2022

Украіна закрывае пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю

Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Грамадзяне Ўкраіны, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі і Расеі, змогуць бесьперашкодна вярнуцца на радзіму.

23:34 26.2.2022

Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн лічыць, што альтэрнатывай санкцыям, якія Вашынгтон увёў у дачыненьні да Масквы, была б «трэцяя сусьветная вайна». Пра гэта Байдэн заявіў у інтэрвію блогеру Браяну Коэну.

«Паслухайце, было два варыянты дзеяньняў: пачаць трэцюю сусьветную вайну, пачаць фізычна вайну з Расеяй, або варыянт нумар два: зрабіць так, каб краіна, якая дзейнічае настолькі насуперак міжнароднаму праву, заплаціла б цану за тое, што яна гэта зрабіла», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

23:44 26.2.2022

Дзяржаўнае агенцтва БелТА дало сваю вэрсію тэлефоннай размовы Лукашэнкі і прэзыдэнта Францыі Макрона

  • Усе пытаньні цягам парадку гадзіны і 20 хвілінаў размовы «тычыліся расейска-ўкраінскага канфлікту».
  • Абмеркавалі бакі пазыцыю Беларусі і ўцягнутасьць у гэты канфлікт. «Значная частка размовы была ўдзелена абмеркаваньню будучыні Эўропы і месца Беларусі ў гэтым сьветаўладкаваньні, гаварылі таксама і аб узаемаадносінах Беларусі і Расеі».
  • Яшчэ адна тэма тычылася ўзбраеньняў, у тым ліку размова ішла аб ядзернай зброі і магчымым разьмяшчэньні яе ў Беларусі. Паведамляецца, што ў адказ на гэта Лукашэнка адрэагаваў заўвагай: «фэйк», адзначыўшы, што «калі народ Беларусі ня будуць душыць, не толькі аб ядзернай – і аб звычайнай зброі размовы быць не можа».
  • Паведамляецца, што Лукашэнка і Макрон «дамовіліся аб кантактах у найбліжэйшы час».

Раней Лукашэнка заўляў пра жаданьне разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную і нават «звышядзерную» зброю.

00:03 27.2.2022

Журналіст ARD: Эўразьвяз закрые паветраную прастору для расейскіх самалётаў

Журналіст нямецкай грамадзкай радыёвяшчальнай кампаніі ARD Матыяс Дайс паведаміў са спасылкай на «надзейную крыніцу», што краіны Эўразьвязу закрыюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў. Пакуль што пра такое рашэньне ўжо абвясьціў шэраг краін Эўразьвязу, у тым ліку Польшча, Чэхія, Латвія, Літва, Эстонія, Славенія і Румынія.

00:28 27.2.2022

ТСН: Ідзе абстрэл Кіева, загінула дзіця

Украінская служба навін ТСН паведаміла, што ў выніку расейскага артылерыйскага абстрэлу ў Кіеве ў дзіцячай бальніцы «Охматдит» загінула адно дзіця, а двое дзяцей і яшчэ двое дарослых атрымалі раненьні.

У Кіеве відавочцы паведамляюць пра абстрэл гораду з рэактыўных сыстэм залпавага агню. Таксама паведамляецца пра моцныя выбухі ў Бучы і Гастомлі каля Кіева.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG