Паводле Байдэна, новыя амэрыканскія санкцыі, узгодненыя зь лідэрамі G-7, будуць магутнымі і ў мінімальнай ступені спрычыняць шкоду ЗША і іх саюзьнікам.
Гаворачы пра новы санкцыйны пакет, Байдэн сказаў, сярод іншага:
- ЗША і саюзьнікі маюць намер абмежаваць імпарт у Расею высокатэхналягічнай прадукцыі на 50 працэнтаў.
- Захад абмяжуе магчымасці РФ весці апэрацыі ў цьвёрдай валюце: далярах, эўра, фунтах і енах.
- Санкцыі ЗША закрануць бонды найбуйнейшых расейскіх дзяржаўных кампаніяў.
- Санкцыі ЗША закрануць расейскую касьмічную праграму.
- Санкцыі будуць уведзеныя супраць ВТБ і шэрагу іншых буйных расейскіх банкаў, актывы якіх будуць замарожаныя.
«Гэтыя [санкцыі] настолькі аслабяць яго (Пуціна. — РС) краіну, што яму давядзецца рабіць складаны выбар: ці стаць другараднай краінай, ці зрабіць адпаведны выбар», — сказаў Байдэн.
На пытаньне журналіста, чаму сярод новых санкцыяў няма адключэньня Расеі ад сыстэмы SWIFT, прэзыдэнт ЗША адказаў:
«Санкцыі, якія мы прапануем супраць расейскіх банкаў, маюць такія ж наступствы, як адключэньне ад SWIFT. Але заўсёды такі варыянт застаецца».
Раней пра новыя санкцыі супраць Расеі за яе ўварваньне ва Ўкраіну заявілі Вялікая Брытанія і Эўразьвяз.