Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адключыць ад SWIFT»; «Беларусь спрыяла нападу». Міжнародная рэакцыя на расейскі напад на Ўкраіну

абноўлена

Навіны на тэлеэкранах у Ганконгу, раніца 24 студзеня
Навіны на тэлеэкранах у Ганконгу, раніца 24 студзеня

А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР».

Генэральны сакратар ААН: Наступствы такой вайны немагчыма прадказаць

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш асудзіў дзеяньні Расеі, заклікаўшы Пуціна «вярнуць вашыя войскі назад у Расею».

«У імя чалавечнасьці, не дазвольце пачацца вайне ў Эўропе, якая можа быць найгоршай вайной ад пачатку стагодзьдзя, з наступствамі ня толькі разбуральнымі, ня толькі трагічнымі для Расейскай Фэдэрацыі, але і з уплывам, які нават немагчыма прадказаць».

NATO асуджае Расею і Беларусь у сувязі з нападам на Ўкраіну

«Мы асуджаем самым рашучым чынам жахлівы напад Расеі на Ўкраіну, які зьяўляецца цалкам неапраўданым і несправакаваным. Нашыя думкі з усімі забітымі і параненымі, і з народам Украіны. Мы таксама асуджаем Беларусь за спрыяньне гэтаму нападу», — гаворыцца ў заяве Паўночнаатлянтычнай рады.

Прэзыдэнт ЗША: «Малітвы ўсяго сьвету сёньня з народам Украіны. Сьвет закліча Расею да адказу»

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з экстраным зваротам у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.

«Малітвы ўсяго сьвету сёньня з народам Украіны, які пакутуе ад несправакаванага і неапраўданага нападу расейскіх узброеных сіл. Прэзыдэнт Пуцін выбраў наўмысную вайну, якая прынясе катастрафічныя чалавечыя ахвяры і пакуты. Толькі Расея нясе адказнасьць за сьмерць і разбурэньні, якія прынясе гэты напад, і Злучаныя Штаты, іх саюзьнікі і партнэры адкажуць адзіным і рашучым чынам. Сьвет закліча Расею да адказу».

Кіраўніца Эўракамісіі: «Мы рашуча асуджаем неабгрунтаваны напад Расеі на Украіну»

«Мы рашуча асуджаем неабгрунтаваны напад Расеі на Украіну. У гэтыя змрочныя гадзіны нашы думкі з Украінай і нявіннымі жанчынамі, мужчынамі і дзецьмі, якія сутыкаюцца зь нічым не справакаваным нападам і баяцца за сваё жыцьцё. Мы прыцягнем Крэмль да адказнасьці», — напісала кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен на сваёй афіцыйнай старонцы ў Twitter.

Прэзыдэнт Літвы падпісаў дэкрэт аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў дэкрэт аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне ў сувязі з уварваньнем расейскіх войскаў ва Ўкраіну і папрасіў парлямэнт зацьвердзіць яго.

Канцлер Нямеччыны Шольц выказаў «поўную салідарнасьць» з Украінай

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц у тэлефоннай размове запэўніў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зялнескага ў «поўнай салідарнасьці Нямеччыны ў цяжкі час», — паведамляе DW са спасылкай на прэс-сакратара нямецкага ўраду Штэфэна Гэбэштрайта.

Прэзыдэнт Чэхіі Зэман заклікаў адключыць Расею ад SWIFT

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман выступіў з экстраным зваротам да грамадзян краіны ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну. Зэман рэзка асудзіў расейскую агрэсію, выказаў падтрымку Ўкраіне і заклікаў да вельмі жорсткіх санкцый супраць Крамля — у прыватнасьці, адключэньня Расеі ад міжнароднай сыстэмы фінансавай камунікацыі SWIFT.

Эўрапейскія лідэры асудзілі дзеяньні Расеі

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон асудзіў напад Расеі на Ўкраіну, паабяцаўшы, што Францыя будзе працаваць разам з саюзьнікамі, каб спыніць вайну. «Расея павінна неадкладна скончыць сваю ваенную апэрацыю», — напісаў Макрон на сваёй старонцы ў Твітэры.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, якога цытуе BBC, заявіў, што ён з абурэньнем успрыняў «неабгрунтаваны напад» Расеі і што Брытанія «адкажа рашуча».

Прэмʼер-міністар Італіі Марыё Драгі назваў дзеяньні Расеі «неапраўданымі і неапраўдальнымі». «Мы працуем з саюзьнікамі па NATO, каб неадкладна адказаць, з адзінствам і рашучасьцю».

Прэмʼер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчас асудзіў дзеяньні Расеі і дадаў, што ягоная краіна ў кантакце з саюзьнікамі на NATO, каб скаардынаваць адказ.

Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі назваў напад Расеі на Ўкраіну «барбарскім актам агрэсіі» і дадаў, што ягоная краіна дасьць адказ разам з саюзьнікамі. «Рашэньне Крамля пачаць цалкам несправакаваны напад непрымальнае і пярэчыць міжнароднаму праву», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Твітэры.

Тым часам прэсавы сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер заявіў, што прыйшоў «час узмацніць усходні флянг NATO» і дадаў: «Мы чакаем, што такія рашэньні будуць прынятыя».

Акрамя эўрапейскіх лідэраў і прэзыдэнта ЗША, з асуджэньнем расейскага нападу на Ўкраіну выступілі прэм'ер-міністры Канады і Аўстраліі Джастын Трудо і Скот Морысан.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG