Латвія спыніла выдачу візаў расейцам
Латвія адклікала свайго амбасадара з Масквы для кансультацыі і заявіла, што спыніць выдачу візаў расейцам.
Снарады трапілі ў шпіталь у Вугледары, чатыры чалавекі загінулі, яшчэ 10 параненыя
У Вугледары (Данецкая вобласьць) расейскія снарады трапілі ў мясцовую бальніцу, чатыры чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі раненьні, у тым ліку шэсьць мэдыкаў, паведамляе „Интерфакс-Украина“ з спасылкай на кіраўніка абласной вайскова-грамадзянскай адміністрацыі Паўла Кірыленку.
Расейскія войскі зайшлі на тэрыторыю Ўкраіны з боку Чарнобыльскай АЭС зь Беларусі
Нацгвардыя, якая ахоўвае сховішча небясьпечных радыеактыўных адыходаў, аказвае супраціў. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.
«Калі ў выніку артылерыйскіх удараў акупантаў сховішча ядзерных адыходаў будзе зьнішчана, радыеактыўны пыл можа пакрыць тэрыторыі Украіны, Беларусі і краін ЭЗ», — напісаў Герашчанка.
Востраў Зьмяіны ў Чорным моры атакавалі расейскія караблі
Акупанты абстралялі востраў з карабельнай зброі. Памежнікі і Ўзброеныя сілы трымаюць абарону, паведамляюць Узброеныя сілы Ўкраіны.
Удар па вайсковай частцы ў Адэскай вобласьці: загінулі ўжо 22 чалавекі
Ратавальнікі скончылі разбор завалаў вайсковай часткі ў Адэскай вобласьці, разбуранай ударам зранку 24 лютага, паведамляе Адэская абласная. адміністрацыя.
«Колькасьць загінулых павялічылася да 22 чалавек — 11 мужчын і 11 жанчын. Выяўленьне загінулых і параненых завершана», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раніцай 24 лютага стала вядома, што ў выніку ўдару па вайсковай частцы ў вёсцы Ліпецкае Падольскага раёну Адэскай вобласьці загінулі 18 чалавек.
Чэхія адклікае амбасадараў зь Беларусі і Расеі
Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Чэхія заявіла аб закрыцьці ў сябе двух расейскіх кансулятаў у Карлавых Варах і Брне, а таксама ўласных генэральных кансулятаў у Пецярбургу і Екацярынбургу.
Акрамя таго, Чэхія адклікала для кансультацыяў сваіх паслоў з Расеі і Беларусі, заявіў прэм’ер-міністар краіны Пэтар Фіяла.
Чэхія прыпыніла выдачу візаў грамадзянам Расеі.
Расейскія вайскоўцы кантралююць частку трасы Кіеў – Масква і зайшлі ў Сумы
Пра гэта заявіў кіраўнік Сумскай абласной адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі.
«Сытуацыя ў Сумскай вобласьці складаная. Баі цяпер ідуць у Ахтырцы, Канатопе, быў бой каля Сумаў, прайшоў транзытам каля горада Глухава. Былі баі на трасе Копці – Бачаўск. Акупацыйныя войскі кантралююць трасу Кіеў – Масква ад мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй да Чарнігаўскай вобласьці, да Батурына дакладна», — сказаў ён.
Ён дадаў, што ўкраінскія ўзброеныя сілы даюць адпор.
«Узброеныя сілы адбіваюцца. Калі праціўнік атрымлівае сур’ёзны адказ, ён адступае. Ёсьць загінулыя і параненыя з боку краіны-агрэсара. На сёньня вайскоўцы і тэхніка ўжо ўвайшлі ў горад Сумы. Таму прашу ўсіх прыняць захады для гарантаваньня ўласнай бясьпекі», — дадаў кіраўнік абласной адміністрацыі.
Камітэт салдацкіх маці Расеі: на мяжу з Украінай адпраўляюць салдатаў тэрміновай службы
Арганізацыя мае зьвесткі аб выправе ў Белгарадзкую вобласьць, якая мяжуе з Украінай, салдатаў з 752-га мотастралковага палка з гораду Валуйкі, вучэбнай вайсковай часткі з Каўрова, 3-й мотастралковай дывізіі з Багучараў, з Нара-Фамінскай вайсковай часткі і Таманскай дывізіі.
Сярод тых, каго выпраўляюць на мяжу, нават вайскоўцы тэрміновай службы, якіх пабралі толькі ў сьнежні 2021 году і яшчэ не пасьпелі адпаведна падрыхтаваць.
15 гадзін баёў у Луганскай вобласьці
Сухапутныя войскі Ўзброеных сілаў Украіны цягам 15 гадзін паведамляюць аб напружанай сытуацыі ў Луганскай вобласьці.
«Вядуць цяжкія баі за Шчасьце і Станіцу Луганскую. Узброеныя сілы РФ неаднаразова спрабавалі фарсаваць раку і ўклініцца ў нашу лінію абароны. Украінскія падразьдзяленьні апэратыўна рэагуюць на сытуацыю і даюць адпор ворагу», – гаворыцца ў паведамленьні Сухапутных войскаў.
Зараз, паводле камандаваньня, горад Шчасьце цалкам кантралююць украінскія вайскоўцы, яны ўзялі расейскіх салдатаў у палон.
«Яны ідуць на нас, але мы не здамося», — жыхарка Чарнігава
Жыхарка Чарнігава Надзея паведаміла Свабодзе, што ў горадзе ад раніцы чуваць выбухі і стрэлы. «Яны ідуць на нас, але мы не здамося, цяпер я зьбіраю рэчы для дзяцей, рыхтую іх, каб весьці ў падвал. Яны, расейцы, будуць забіваць нас — напішыце пра гэта», — кажа жыхарка ўкраінскага гораду. Паводле яе і зьвестак іншых крыніц, расейскія войскі ўжо ў Гарадні і Сямёнаўцы (Чарнігаўская вобласьць). «Яны прайшлі ўжо і праз Дабранку», — дадала Надзея.
З Чарнігава таксама паведамляюць, што верталёт, які прыляцеў з боку Беларусі, абстраляў КПП пункту пропуску «Славуціч» на мяжы Беларусі і Ўкраіны.
«Таксама бесьпілётнік скінуў бомбу на заставу «Аляксандраўскае», — паведамілі Свабодзе з Чарнігава. Крыніцы пішуць, што цяпер ідуць баі пад Бахмачом і нібыта расейскія танкі занялі Гарадню.
У Кіеве абвясьцілі паветраную трывогу
Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль зьвярнуўся да беларусаў
«Я зьвяртаюся да Беларусі і беларусаў. Вы маеце выбар — не дапусьціць агрэсіі, каб не атакаваць сваіх суседзяў-украінцаў. Вы мусіце таксама сказаць „не“ і чыніць супраціў, каб падтрымаць Украіну і папярэдзіць яшчэ большыя пагрозы і яшчэ большы канфлікт, бо ўвесь міжнародны парадак парушаны», — заявіў Мішэль на брыфінгу ў Брусэлі.
З тэрыторыі Беларусі выпусьцілі 4 балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім кірунку.
Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны.
Улады Малдовы будуюць лягер для ўцекачоў і шпіталь для параненых на мяжы з Украінай
Як паведамляе малдоўская служба Радыё Свабода, з украінскага боку мяжы бачны дым.
Расейскую праваабаронцу затрымалі ў Маскве – яна заклікала выйсьці на антываенныя пратэсты
«Мяне затрымалі на выхадзе з дому. У АУС «Мяшчанскі». Пакуль проста стаю ля дзяжурнай часткі», – напісала Марына Літвіновіч у сваім тэлеграме, піша «Новая газета».
Раніцай 24 лютага Літвіновіч анансавала ўсерасейскую антываенную акцыю. Пасьля гэтага яна паведаміла, што невядомыя спрабавалі ўзламаць яе акаўнты ў сацыяльных сетках.
У Генэральным штабе паведамілі пра моцны бой з боку Беларусі
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што ўкраінскія войскі з 5-й гадзіны раніцы вядуць напружаныя баявыя дзеньні. Сытуацыя на 14.00 кіеўскага часу:
У Чарнаморскай апэрацыйнай зоне выкарыстоўваюць бесьпілётнікі “Байрактар”;
На кірунку Рудня (Беларусь) – Выступовічы (Украіна) расейскія войскі спрабавалі перасекчы мяжу сіламі двух танкаў, бронетранспартэраў і аўтамабільнай тэхнікі;
Украінская армія зьнішчыла 5 бронетранспартэраў і аўтамабіль. Расейскую тэхніку спынілі;
Над Вышгарадам Кіеўскай вобласьці зьбілі расейскі гелікоптэр КА-52;
Вядуцца моцныя баі за Генічаск, Скадоўск, Чаплінку ў Херсонскай вобласьці.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны: магчымы напад на Ўрадавы квартал у Кіеве
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны не выключае магчымасьці нападу расейскіх сілаў на Ўрадавы квартал у Кіеве, заявіў на брыфінгу 24 лютага дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў антыкрызісных пытаньнях Міхаіл Падаляк.
«Цяпер у Гастомлі ідуць магутныя баі і магчымая спроба пранікненьня ва ўрадавы квартал. Адна з мэтаў — адхіленьне найвышэйшага кіраўніцтва краіны», — сказаў ён.
Антываенны мітынг у Амстэрдаме
Украінцы Нідэрляндаў і людзі, якія ім спачуваюць, сабраліся на цэнтральнай плошчы Амстэрдаму, пратэстуючы супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Прэм’ер-міністар Польшчы: Украіна змагаецца ад імя ўсёй Эўропы
Матэвуш Маравецкі выступіў у Сэйме Польшчы:
«Сёньняшняя раніца ўвойдзе ў гісторыю як дзень, калі Расея выбрала вайну, дзень, калі адна краіна без прычыны, правакацыі напала на іншую краіну. Гэтае барбарства, зь якім мы сутыкаемся, павінна сустрэць рашучы супраціў усяго сьвету. Сёньня Ўкраіна змагаецца ня толькі за сваю незалежнасьць і свабоду. Сёньня яна змагаецца ад імя ўсёй Эўропы, за свабоду ўсёй Эўропы!»
Разьбіты «Тыгр» расейскага войска
Украінскія вайскоўцы разьбілі баявую машыну войска акупантаў і паказалі на відэа наступствы.