Сярод тэмаў гутаркі, паводле прэсавай службы Ціханоўскай, — магчымая праўная ацэнка знаходжаньня расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, якога, лічыць Сьвятлана Ціханоўская, не павінна прызнаваць міжнародная супольнасьць.
На сустрэчы адзначалі, што ў будучыні Беларусі давядзецца аднаўляць канстытуцыйную законнасьць. «Досьвед краін, якія прайшлі праз падобныя складанасьці, быў бы неабходны Беларусі», — заявіла Ціханоўская.
- Канстытуцыйная рада Францыі выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду, яе старшыню прызначае прэзыдэнт, а чальцоў — старшыні Сэнату і Нацыянальнага сходу. У склад рады таксама пажыцьцёва ўваходзяць былыя прэзыдэнты Францыі.
Пазьней 23 лютага адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з дэпутатамі парлямэнту Францыі, дзе абмяркоўваліся тыя ж тэмы.