Прадстаўнік пасольства пацьвердзіў, што ў дыпляматычных прадстаўніцтвах Расеі ва Украіне супрацоўнікі сёньня палілі паперы. «Гэта плянавая працэдура. У такіх выпадках, як цяпер, ёсьць набор захадаў, якія трэба прыняць, у тым ліку з матываў бясьпекі», — адзначыў ён.
Расея мае пасольства ў Кіеве, а таксама генэральныя консульствы ў Харкаве, Адэсе і Львове. У заяве Міністэрства замежных справаў Расеі, разьмешчанай на сайце ведамства, гаворыцца, што консульствы ва Ўкраіне «з 2014 году зазнавалі неаднаразовыя напады», а ў адрас дыпляматаў нібыта «паступалі пагрозы фізычнай расправы».
Аб рашэньні эвакуаваць усіх супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў з Украіны ў найбліжэйшы час Міністэрства замежных справаў РФ аб’явіла напярэдадні, 22 лютага. Перад гэтым Крэмль прызнаў незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР» і дазволіў увесьці расейскія войскі на іх тэрыторыю. Расея таксама засяродзіла каля межаў Украіны каля 150 тысяч вайскоўцаў: многія экспэрты лічаць, што Масква рыхтуецца да поўнамаштабнай вайны з Украінай.
У сувязі з пагрозай нападу Расеі на Ўкраіну ЗША і большасьць краін Эўразьвязу перамясьцілі супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў у Львоў і заклікалі сваіх грамадзян пакінуць краіну.