Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК завёў крымінальную справу за SMS-рассылку аб пераносе даты рэфэрэндуму аб Канстытуцыі


Сьледчы камітэт у Менску
Сьледчы камітэт у Менску

Сьледчы камітэт ініцыяваў крымінальную справу за «спробу зрыву рэфэрэндуму шляхам рассыланьня SMS з ілжывай інфармацыяй».

Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

Паводле СК, невядомыя з выкарыстаньнем IP-адрасоў розных замежных дзяржаў ажыцьцявілі несанкцыянаваны доступ да сэрвэраў некалькіх арганізацый, пасьля чаго ад іх імя распаўсюдзілі загадзя лжывыя паведамленьні тысячам грамадзян.

Заведзены крымінальныя справы па ч. 2 арт. 191 (Перашкода ажыцьцяўленьню права на ўдзел у рэфэрэндуме), ч. 1 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Санкцыі ў першым артыкуле прадугледжваюць да пяці гадоў пазбаўленьня волі, у другім — да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Раней Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах заявіла, што галасаваньне пройдзе ў раней вызначаныя тэрміны — 27 лютага з 8:00 да 20:00. Датэрміновае галасаваньне пачалося з 22 лютага і пройдзе да 26 лютага ўключна.

Галасаваньне будзе адбывацца толькі ў самой Беларусі, адкрываць участкі за мяжой улады адмовіліся. Паводле афіцыйнай вэрсіі — зь меркаваньняў бясьпекі. Таксама ўлады засакрэцілі зьвесткі сяброў выбарчых камісій.

Раней грамадзянам пачалі прыходзіць SMS-паведамленьні аб пераносе рэфэрэндуму. ЦВК паведаміў, што гэтая інфармацыя фальшывая, і падкрэсьліў, што спробы сарваць рэфэрэндум працягваюцца.

На тэлефоны беларусаў сталі прыходзіць паведамленьні пра масавую SMS-рассылку ад страхавой кампаніі «Купала», кінатэатру ў цэнтры «Замак» і іншых арганізацый. У SMS гаворыцца аб пераносе рэфэрэндуму аб Канстытуцыі на 10 красавіка. Прычынай быў названы каранавірус.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG