Анджэй Дуда: «Многае ўказвае на тое, што расейскае войска ня выйдзе зь Беларусі»
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаўся за моцныя санкцыі супраць Расеі. Ён настойвае на тым, што Эўразьвяз і NATO павінны захоўваць еднасьць і распрацаваць моцныя санкцыі супраць Расеі. Найбліжэйшымі днямі пройдуць кансультацыі ў гэтым пытаньні. Таксама Дуда сказаў і пра Беларусь.
«Многае ўказвае на тое, што расейскае войска ня выйдзе зь Беларусі. Усходні флянг NATO вымагае ўзмацненьня», — цытуе Дуду агенцтва PAP.
Японія, якая ў 2014-м не пагаджалася з санкцыямі супраць Расеі, цяпер падтрымае іх, — газэта Yomiuri
Японія рыхтуе новыя санкцыі супраць Расеі з прычыны сытуацыі вакол Украіны. Абмежаваць могуць экспарт у Расею японскай высокатэхналягічнай прадукцыі, тэхналёгіяў штучнага інтэлекту, чыпаў, робататэхнікі, — піша газэта Yomiuri, адна зь пяці нацыянальных газэт Японіі.
Урад Японіі таксама разглядае магчымасьць фінансавых санкцыяў.
У 2014 годзе Японія спачатку не пагадзілася з эканамічнымі санкцыямі, уведзенымі ЗША і эўрапейскімі краінамі, і замест гэтага вырашыла прыпыніць перамовы, сярод іншага, аб зьмякчэньні патрабаваньняў да выдачы візаў.
Гэтым разам японскі ўрад займае супольную пазыцыю з чальцамі G7, каб паказаць, што ён не дазволіць зьмяніць статус-кво з дапамогай сілы.
Нямеччына спыняе сэртыфікацыю газаправоду «Паўночны паток – 2»
На фоне эскаляцыі расейска-ўкраінскага канфлікту ўрад Нямеччыны спыняе працэс сэртыфікацыі расейска-нямецкага газаправоду «Паўночны паток – 2» да далейшага паведамленьня. Пра гэта заявіў у аўторак канцлер Оляф Шольц.
МУС Украіны: у горадзе Шчасьце на Данбасе абстралялі цеплаэлектрастанцыю
У выніку абстрэлу падтрыманымі Расеяй незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі зноў пацярпела Луганская цеплаэлектрастанцыя ў горадзе Шчасьце, паведамляе МУС Украіны. Гараць два трансфарматары. Ратавальныя службы спрабуюць патушыць пажар.
Кіеў: За тры гадзіны сэпаратысты абстралялі 14 населеных пунктаў на ўсходзе Ўкраіны
Штаб апэрацыі Аб’яднаных сіл Украіны заявіў, што раніцай 22 лютага толькі за тры гадзіны незаконныя ўзброеныя фармаваньні так званых «ЛДНР» абстралялі 14 населеных пунктаў.
У прыватнасьці, пад абстрэлы трапілі Шчасьце, Лабачова, Трохізбенка, Паўднёвае, Зайцава, Новалуганскае, Нью-Ёрк, Краснагораўк, Вадзяное, Мар’інка, Верхнетарэцкае, Гранітнае, Старамар’інка і Новагнатаўка. У выніку пашкодзілі 12 жылых будынкаў у Шчасьце і Гранітным, а ў Новагнатаўцы цалкам зруйнавалі адзін жылы будынак.
Вайскоўцы ўдакладняюць, ці ёсьць пацярпелыя ў выніку гэтых абстрэлаў.
Паводле ўкраінскага штабу, сэпаратысты працягваюць разьмяшчаць забароненыя менскімі дамоўленасьцямі артылерыйскія сыстэмы ў населеных пунктах і абстрэльваюць найперш аб’екты інфраструктуры.
Акцыя беларусаў у Львове супраць расейскай агрэсіі
Прызнаньня па межах абласьцей ад Крамля ня будзе
МЗС Расеі паведаміла, што Крэмль прызнае «ДНР» і «ЛНР» у межах, у якіх тыя «ажыцьцяўляюць паўнамоцтвы і юрысдыкцыю», піша РБК.
Нагадаем, што паводле міжнароднага права гэтыя землі лічацца акупаванай тэрыторыяй Украіны. За агрэсію на сувэрэнную ўкраінскую зямлю на Расею наклалі міжнародныя санкцыі.
Кіеў адклікаў свайго консула з Расеі для кансультацый
Міністэрства замежных спраў Украіны адклікала з Масквы для кансультацый свайго часовага паверанага Васіля Пакацілу. Як паведамляе прэсавая служба МЗС Украіны, гэта зроблена ў сувязі «з ухваленьнем кіраўніцтвам Расеі супрацьпраўных дзеяньняў у прызнаньні «незалежнасьці» створаных ёй квазіўтварэньняў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны – так званых «ЛНР» і «ДНР».
Прэзыдэнт Турэччыны заклікаў да выкананьня міжнароднага права
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган назваў непрымальным рашэньне Расеі прызнаць «ЛНР» і «ДНР». «Мы лічым гэтае рашэньне непрымальным. Мы заклікаем бакі трымацца здаровага сэнсу і міжнароднага права», – цытуе Эрдагана агенцтва Anadolu.
Прэзыдэнт Турэччыны таксама выказаў гатоўнасьць узяць удзел у саміце, прапанаваным Уладзімірам Зяленскім. У ім павінны прыняць удзел сябры Рады Бясьпекі ААН, Турэччына і Нямеччына. «Прапанова спадара Зяленскага – пазытыўны падыход», – сказаў Эрдаган.
Эўрапейскія санкцыі супраць Расеі
Сёньня прайшла экстраная сустрэча амбасадараў ЭЗ у расейска-ўкраінскім пытаньні, паведамляе эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк. Удзельнікі ўзгаднілі пагадненьне аб санкцыйных сьпісах (замарожваньне актываў і візавыя забароны). Санкцыі будуць тычыцца як фізычных, так і юрыдычных асобаў.
Дзярждума ратыфікавала пагадненьні з групоўкамі «ДНР» і «ЛНР»
Дзяржаўная дума Расеі, ніжняя палата мясцовага парлямэнту, аднагалосна ратыфікавала пагадненьні аб дружбе і супрацоўніцтве з сэпаратысцкімі «ЛНР» і «ДНР» у першым чытаньні, піша РБК.
Нагадаем, самаабвешчаныя рэспублікі ўтвораныя ў 2014 пры непасрэдным удзеле Расеі і займаюць па некалькі раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, утрымліваючы над імі кантроль. На занятых сэпаратыстамі тэрыторыях рэгулярна цягам 8 год фіксуюцца прыезды рэгулярных злучэньняў расейскага войска, а таксама вайсковая тэхніка, што стаіць на ўзбраеньні расейцаў.
Зяленскі не выключае разрыву дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што разгледзець пытаньне аб магчымасьці разрыву дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй у сувязі з яе рашэньнем аб прызнаньні так званых «народных рэспублік» на ўсходзе Ўкраіны.
«Мы бачым наступ на дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць нашай дзяржавы. Гэта дакладна. Цяпер я атрымаў запыт Міністэрства замежных спраў, каб я разгледзеў пытаньне аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй. Я буду адпрацоўваць гэтае пытаньне. І ня толькі гэта пытаньне», – заявіў Уладзімір Зяленскі на брыфінгу ў Кіеве пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Эстоніі Аларам Карысам.
Ці будзе ва Ўкраіне ваенны стан?
Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў увесці ваеннае становішча, калі вайсковыя дзеянні супраць Украіны і эскаляцыя канфлікту ўсё ж пачнуцца,
Міністар абароны Ўкраіны: «Наперадзе цяжкія выпрабаваньні, будуць страты, але трымаем строй»
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у сваім звароце да вайскоўцаў заявіў, што вайсковае кіраўніцтва краіны і камандаваньне Ўзброеных сіл накіроўвае свае намаганьні на ўзмацненьні сыстэмы абароны і бясьпекі ўкраінскай дзяржавы.
«Крэмль зрабіў чарговы крок да адраджэньня Савецкага Саюзу. З новым Варшаўскім пактам і новай Бэрлінскай сьцяной. Адзінае, што аддаляе ад гэтага – Украіна і ўкраінская армія», – заявіў Аляксей Рэзьнікаў.
Міністар упэўнены ў перамозе Ўкраіны:
«Наш выбар вельмі просты – абараняць сваю краіну, свой дом, сваіх родных. Наперадзе цяжкія выпрабаваньні. Будуць страты. Давядзецца прайсьці праз боль, пераадолець страх і адчай. Але нас чакае перамога, бо мы на сваёй зямлі і за намі праўда».
125 набояў па Ўкраіне
Дабрачынны фонд кампэтэнтнай дапамогі ўкраінскаму войску «Повернись живим» апублікаваў зьвесткі зь лініі разьмежаваньня на 7:00 раніцы 22 лютага. Кантраляваныя Расеяй баевікі выпусьцілі 125 набояў па кантраляванай Украінай тэрыторыі.
Ва ўкраінскім штабе заяўляюць пра абстрэлы сэпаратыстамі ваколіц Марыюпаля
Штаб апэрацыі Аб’яднаных сіл Украіны заяўляе, што падтрыманыя Расеяй незаконныя ўзброеныя фармаваньні так званых «ЛНР» і «ДНР» раніцай 22 лютага пачалі абстрэльваць зь цяжкага ўзбраеньня ваколіцы Марыюпаля.
Пад абстрэлы таксама трапілі Шчасьце, Гнутава, Шырокіна, Краснагораўка, Лабачова, Мар’інка і Вадзяное. Паводле штабу, стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў няма.
У Кіеве з ручнога гранатамёта абстралялі адвакацкую кантору. Пацярпелых няма
У ноч на 22 лютага ў адным з раёнаў Кіева абстралялі будынак, у якім знаходзіцца адвакацкая кантора. Як паведаміла паліцыя Кіева, выстрал пашкодзіў шыбы ў кабінэтах адвакацкай канторы і фасад будынку. Пацярпелых няма. Абстрэл супаў з датай прызнаньня Крамлём самаабвешчаных рэспублік на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны.
Паліцыя шукае асобаў, датычных да абстрэлу і разглядае некалькі вэрсіяў, асноўная зь якіх — прафэсійная дзейнасьць адвакатаў. Крымінальную справу завялі паводле часткі 4 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (хуліганства). Гэтае злачынства караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.
Украінскія салдаты на лініі фронту ў гатоўнасьці
У «ЛНР» заявілі, што прэтэндуюць на ўсю Луганскую вобласьць
Віцэ-спікер так званага «парлямэнту» групоўкі «ЛНР» запатрабаваў ад Украіны адвесьці войскі да адміністрацыйнай мяжы Луганскай вобласьці.
«Наша тэрыторыя — уся Луганская вобласьць, мы заклікаем Украіну добраахвотна адвесьці войскі, інакш будуць прынятыя меры», — прадстаўніка сэпаратысцкай групоўкі цытуе РБК.
МЗС Украіны: прыйшоў час прымяніць санкцыі супраць Расеі
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба праводзіць кансультацыі аб увядзеньні санкцый супраць Расеі ў сувязі зь яе рашэньнем аб прызнаньні незалежнасьці акупаваных ёй тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.
«Мы цяпер сканцэнтраваныя на ключавым: мы працуем над ухваленьнем рашэньняў для стрыманьня Расеі. Сёньня ўначы я правёў некалькі тэлефонных размоў: з дзяржасакратаром ЗША, міністрамі замежных спраў Канады, Вялікай Брытаніі, кіраўніком дыпляматыі Эўразьвязу. Ключавая тэма: санкцыі. Зараз галоўнае пытаньне, калі ды якія санкцыі супраць Расейскай Фэдэрацыі будуць уведзеныя. Наша пазыцыя дакладная: прыйшоў час прымяніць санкцыі супраць Расеі», – заявіў Дзьмітро Кулеба ў часе свайго знаходжаньня ў Вашынгтоне.