Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі самаабвешчанай «ЛНР» увечары 19 лютага паведаміла аб выяўленьні і ліквідацыі аўтамабіля з выбухоўкай на трасе Луганск-Ізварына. Публікацыя суправаджалася відэа, у якім людзі ў вайсковай форме спачатку адбуксавалі машыну, пасьля чаго ўзарвалі. Аднак мэтададзеныя роліку сьведчаць аб тым, што ён быў створаны яшчэ 12 чэрвеня 2019 году ў 20:21. На гэта зьвярнула ўвагу выданьне Грани.ру.
Самі кадры выбуху ў відэа не патрапілі: бачна толькі зьнятая ў цемры кароткая ўспышка на гарызонце, піша The Insider.
18 лютага кіраўнікі так званых «ДНР» і «ЛНР» Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік запісалі відэа, у якіх гавораць аб неабходнасьці эвакуяваць насельніцтва з-за пагрозы з боку Кіева. Аднак мэтададзеныя ролікаў сказалі аб тым, што відэа запісалі 16 лютага — за два дні да іх публікацыі. На мэтатэгі ў роліку Пушыліна зьвярнуў увагу Арык Толер з Bellingcat.
Пры гэтым Пушылін у сваёй прамове казаў «сёньня, 18 лютага». Праверыць гэтую інфармацыю можна запампаваўшы запісы выступаў Пасечніка і Пушыліна, і прагледзеўшы ўласьцівасьці мэдыяфайлу. Неадпаведнасьць даты публікацыі і даты ў мэтададзеных ролікаў з Пасечнікам паказаў Сяргей Сьцярненка. Відэаролік з кіраўніком «ЛНР» апублікаваў тэлеграм-канал «ЛуганскИнформЦентр».