Міністры замежных спраў G7 сустрэліся ў Мюнхэне, дзе праходзіць канфэрэнцыя па бясьпецы.
Несправакаванае і неапраўданае засяроджаньне Расеяй узброеных сіл, якое стала найбуйнейшым вайсковым разгортваньнем на эўрапейскім кантынэнце з часоў заканчэньня «халоднай вайны», зьяўляецца выклікам глябальнай бясьпецы і міжнароднаму парадку, заявілі міністры.
«У якасьці першага кроку мы чакаем, што Расея ажыцьцявіць абвешчанае скарачэньне сваёй вайсковай актыўнасьці ўздоўж межаў Украіны. Мы ня бачылі доказаў гэтага скарачэньня», — гаворыцца ў заяве.
Заяву падпісалі міністры замежных спраў Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амэрыкі, а таксама Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу.