Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Расеі анансавала ядзерныя вучэньні пад кіраўніцтвам Пуціна


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу

У рамках манэўраў, якія пройдуць 19 лютага пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Расеі, адбудуцца пускі балістычных і крылатых ракет, паведаміла міністэрства.

Пра гэта паведамляе DW.

У Расеі 19 лютага пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пройдзе «плянавае вучэньне сіл стратэгічнага стрымліваньня», паведаміла ў пятніцу, 18 лютага, Міністэрства абароны РФ. Падчас гэтых манэўраў «будуць выкананыя пускі балістычных і крылатых ракет». «Да вучэньня прыцягнуты сілы і сродкі Паветрана-касьмічных сіл, Паўднёвай вайсковай акругі, Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня, Паўночнага і Чарнаморскага флётаў», — гаворыцца далей у паведамленьні.

Пуцін падчас вучэньняў будзе знаходзіцца ў сытуацыйным цэнтры Мінабароны РФ. «Падобныя нават трэніровачныя пускі немагчымыя без кіраўніка дзяржавы. Вы ведаеце пра знакаміты „чорны чамаданчык“, „чырвоную кнопку“ і да таго падобнае», — растлумачыў журналістам прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў. Ён ня выключыў, што разам з прэзыдэнтам Расеі за вучэньнямі будзе назіраць і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які прыбыў зь візытам у Маскву.

Міністэрства абароны РФ падкрэсьліла, што гэтыя вучэньні былі «сплянаваныя загадзя для праверкі гатоўнасьці органаў вайсковага кіраваньня, баявых разьлікаў пуску, экіпажаў баявых караблёў і стратэгічных ракетаносцаў да выкананьня пастаўленых задач, а таксама для праверкі надзейнасьці ўзбраеньня стратэгічных ядзерных і няядзерных сіл».
РФ заяўляе аб вяртаньні войскаў пасьля вучэньняў каля Ўкраіны.

Напярэдадні афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны РФ Ігар Канашэнкаў заявіў, што першыя падразьдзяленьні расейскай арміі, якія былі задзейнічаны ў вучэньнях побач з Украінай, прыбываюць у воінскія гарнізоны. Паводле яго слоў, у пункты пастаяннай дысьлякацыі вяртаюцца часткі, якія правялі вучэньні на палігонах у Курскай і Бранскай абласьцях і ў Крыме. Паведамляецца таксама, што ў Расею вернуцца падразьдзяленьні, якія ўдзельнічаюць у манэўрах на тэрыторыі Беларусі.

Тым часам у NATO па-ранейшаму ня бачаць прыкмет адводу войскаў РФ ад межаў Украіны. «Нягледзячы на сьцьвярджэньні Масквы, мы пакуль ня ўбачылі прыкмет адвядзеньня войскаў або дээскаляцыі. Наадварот, гэта выглядае так, што Расея працягвае нарошчваньне», — заявіў генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг на прэс-канфэрэнцыі па выніках паседжаньня міністраў абароны краін NATO 16–17 лютага ў Брусэлі.

Манэўры праходзяць на фоне абвастрэньня адносін Расеі і краін Захаду, якія апасаюцца расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы. У другой палове 2021 году і пачатку 2022-га РФ перакінула ў анэксаваны Крым і да мяжы з Украінай больш за 100 тысяч вайскоўцаў. Крэмль адмаўляе пляны вайсковай агрэсіі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG